БЕЛ Ł РУС

Удзельніка беларускай акцыі пратэсту апазналі па відэа на азербайджанскім сайце

17.08.2022 / 10:50

Nashaniva.com

У судзе Першамайскага раёна Мінска 9 жніўня асудзілі былога студэнта Мінскага каледжа прадпрымальніцтва, палітзняволенага Антона Сіманенкава, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Антон Сіманенкаў

Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч, паведамляе «Вясна».

Антон Сіманенкаў быў затрыманы 1 сакавіка 2022 года супрацоўнікамі ГУБАЗ наўпрост у навучальнай установе. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 на Валадарскага.

Суд мусіў распачацца яшчэ 29 ліпеня, аднак на працэсе высветлілася, што на момант удзелу ў акцыі пратэсту Антону было толькі 17 гадоў і суддзя Трусевіч узяў тайм-аут.

Падставай для абвінавачання стаў скрыншот з відэа, апублікаванага ў адным з азербайджанскіх СМІ. На ім следчыя апазналі на акцыі 20 верасня 2020 года ў Мінску Антона, які стаяў у счэпцы ў першым шэрагу.

Суд палічыў Сіманенкава вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Але ў гэтай сумнай гісторыі ёсць працяг. І ён пазітыўны.

Пасля суда Антон вырашыў, што вопыту сядзення ў СІЗА яму дастаткова і вырашыў застацца вольным чалавекам. Ён выехаў з краіны і цяпер знаходзіцца ў бяспецы. Цяпер юнак марыць пра найхутчэйшую адаптацыю і сустрэчу з каханай дзяўчынай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула