БЕЛ Ł РУС

«Мінсктранс» абмежаваў продаж квіткоў на міжнародныя аўтобусы для беларусаў з візай D

12.09.2022 / 10:11

Nashaniva.com

Не кожны ўладальнік нацыянальных віз тыпу D цяпер можа купіць білет на міжнародны аўтобус з Мінска. Як распавялі Office Life у «Мінсктрансе», квіткі прададуць толькі ў тым выпадку, калі такая віза выдадзеная краінай уезду.

Прасцей кажучы, купіць білет на міжнародны аўтобус, які ідзе праз Польшчу, змогуць толькі ўладальнікі нацыянальнай польскай візы, праз Літву — толькі літоўскай, а праз Латвію — толькі латвійскай. Пры гэтым пасажыру з нацыянальнай нямецкай візай адмовяць у куплі квітка на рэйс з Мінска ў Мюнхен, бо аўтобус перасякае беларускую мяжу з Польшчай. Па гэтай жа прычыне пасажыр з польскай нацыянальнай візай не зможа купіць білет на аўтобус да Вільні ці Рыгі.

У «Мінсктрансе» патлумачылі, што правіла дзейнічае з 7 верасня. Для ўладальнікаў звычайных шэнгенскіх віз нічога не змянілася.

Змены назвалі часовымі і звязваюць іх са складанасцямі пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы з краінамі Шэнгенскага пагаднення.

У сваю чаргу, на аўтавакзале ў Брэсце распавялі, што ніякіх абмежаванняў для продажу квіткоў не ўводзілі:

— Візу мы не правяраем, вы самі несяце за яе адказнасць. Без пытанняў прадаём квіткі і беларусам, і палякам.

Няма абмежаванняў на куплю білетаў і ў прыватных перавозчыкаў з Мінска. Прадстаўнікі адной з кампаній пацвердзілі, што квіткі ў аэрапорт Вільні або Каўнаса без праблем прадаюць па нацыянальных візах Польшчы і іншых краін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула