БЕЛ Ł РУС

У Расіі аб'явілі аб пачатку «другой хвалі» мабілізацыі

11.10.2022 / 19:5

Nashaniva.com

Губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў заявіў пра пачатак другой хвалі мабілізацыі. «Растоўская вобласць атрымала новае мабілізацыйнае заданне, да яго выканання ўжо прыступілі муніцыпальныя прызыўныя камісіі», — напісаў губернатар у сябе ў телеграм-канале.

Фота: Мінабароны Расіі

Яшчэ 28 верасня Голубеў аб'яўляў, што ягоны рэгіён «практычна выканаў задачу па частковай мабілізацыі». У Курскай вобласці ўчора таксама заявілі, што выканалі першае заданне Мінабароны па частковай мабілізацыі і прыступілі да другога.

Раней пра тры хвалі прызыву казалі ў ваенкаматах Омска і Краснаярскага края сем'ям прызыўнікоў, паведамляў тэлеканал «Дождь». Мяркуецца, што яны пройдуць з 26 верасня па 10 кастрычніка, з 11 кастрычніка па 25 кастрычніка і з 26 кастрычніка па 10 лістапада.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясціў «частковую» мабілізацыю 21 верасня. Міністр абароны Сяргей Шайгу ўдакладніў, што ўлады збіраюцца прызваць на фронт 300 тысяч рэзервістаў, або каля 1% ад усяго мабілізацыйнага рэсурсу краіны.

У пуцінскім указе аб мабілізацыі ёсць засакрэчаны сёмы пункт, які вызначае дакладную колькасць мабілізаваных. СМІ паведамлялі, што ў засакрэчаным пункце гаворка ідзе аб прызыве аднаго мільёна чалавек.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула