БЕЛ Ł РУС

Жыхару Гомеля далі два гады за перасланыя ў прыватны чат паведамленні

12.10.2022 / 12:27

Nashaniva.com

10 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля да двух гадоў пазбаўлення волі калоніі агульнага рэжыму асудзілі палітвязня Яўгена Галіча. Згодна з рашэннем суддзі, мужчына таксама мусіць выплаціць 5,5 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелым. Яго мабільны тэлефон быў канфіскаваны, паведамляе «Вясна».

7 кастрычніка Гомельскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу Галіча.

39-гадовага мужчыну прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 179, і арт. 188. Згодна з абвінавачваннем, Яўген распаўсюджваў у інтэрнэце «заведама непраўдзівыя даныя і паклёп» на начальніка ДАІ, кіраўнікоў гомельскага АМАП і супрацоўніцу Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога — у справе было шасцёра пацярпелых. Распаўсюджванне палягала ў тым, што Галіч пераслаў у прыватным паведамленні два чужыя артыкулы, дапісаўшы ад сябе «Можам паўтарыць». У судзе гэта палічылі заклікам да масавых акцый.

Пацярпелыя ў судзе заявілі, што страцілі пакой і адчувалі дыскамфорт. Супрацоўніца ўніверсітэта казала, што ёй пасля з’яўлення ў інтэрнэце інфармацыі пра яе (якая была напісаная не Галічам) маладзёны свяцілі ліхтарыкамі ў вокны і гучна ўключалі песню «Перамен» Віктара Цоя. Яна выклікала на іх міліцыю, якая затрымала іх і яшчэ яе суседа, які выпадкова выйшаў на вуліцу. Пасля суседка на яе лаялася і «праклінала». Усе пацярпелыя намагаліся спагнаць з падсуднага ад 500 да 5000 руб. кампенсацыі маральнай шкоды.

Сам Яўген віну прызнаў часткова, у пакрыўджаных папрасіў прабачэння. 

Пракурор у судзе запытаў за адзін перасланы Галічам артыкул два месяцы арышту, за другі — тры месяцы арышту, а за «заклік» «Можам паўтарыць» — два гады пазбаўлення волі. Віктар Казачок асудзіў мужчыну да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула