WSJ: ЗША вырашылі не даваць Украіне сучасныя ўдарныя беспілотнікі
Газета Wall Street Journal паведаміла са спасылкай на інфармаваныя крыніцы, што Адміністрацыя Прэзідэнта ЗША вырашыла не перадаваць Кіеву сучасныя ўдарныя беспілотнікі Gray Eagle MQ-1C — хоць пра гэта неаднаразова прасіла сама Украіна і члены амерыканскага Кангрэса, якія яе падтрымліваюць.
Па звестках выдання, Пентагон выступіў супраць паставак, баючыся, што яны могуць прывесці да эскалацыі канфлікту і даць сігнал Маскве, што ЗША даюць Кіеву зброю, здольную наносіць удары па тэрыторыі Расіі.
Амерыканцы былі таксама занепакоеныя тым, што беспілотнікі могуць збіць на полі бою, у выніку чаго да суперніка трапяць некаторыя сучасныя тэхналогіі. Аднак пры прыняцці рашэння гэтыя рызыкі не былі вырашальнымі, сказана ў публікацыі.
Беспілотныя лятальныя апараты Gray Eagle MQ-1C здольныя падтрымліваць аўтаномны палёт на працягу сутак, яны нясуць узбраенне з чатырох ракет з лазерным навядзеннем Hellfire, максімальная вышыня палёту складае 8,8 тысяч метраў.