«Урачыстае адкрыццё цэнтра па вытворчасці індычкі». Крэмль даручыў кампаніям запусціць канвеер добрых навін пра Пуціна
17.12.2022 / 19:14
Расійскія дзяржаўныя карпарацыі атрымалі ад адміністрацыі Пуціна распараджэнне падрыхтаваць пазітыўны парадак дня з навін і мерапрыемстваў, удзел у якіх мог бы прыняць Пуцін, распавялі The Moscow Times блізкія да Крамля крыніцы і пацвердзілі прадстаўнікі кампаній.
Фота: Мінабароны РФ
Разнарадка на збор найменшых значных пазітыўных інфармацыйных нагод паступіла кіраўнікам кампаній з энергетычнай, транспартнай і камунікацыйнай сфер, а таксама кіраўнікам расійскіх рэгіёнаў.
Сацыяльнае самаадчуванне расіян зніжаецца, расце трывожнасць і ўжо назапасілася стомленасць ад зацягнутай вайны. У гэтых умовах Пуцін павінен выразна асацыявацца ў грамадзян з чымсьці пазітыўным, быць «вяшчальнікам добрых навін», тлумачаць логіку два не звязаныя адзін з другім чыноўнікі.
«Інкубатар добрых навін» — тэхналогія, якая звычайна выкарыстоўваецца падчас выбараў, — ужо працуе, звяртаюць увагу крыніцы The Moscow Times. У публічным графіку Пуціна разам з пасяджэннямі Рады Бяспекі і міжнароднымі званкамі з'явіліся такія мерапрыемствы, як урачыстае адкрыццё цэнтра па вытворчасці індычкі і сацыяльных аб'ектаў, віншаванне з юбілеем дзяржкарпарацый «Расатам» і «Растэх», адкрыццё адрамантаванай аўтадарогі.
Шукаць новыя «пазітыўныя навіны», у якіх мог бы паўдзельнічаць Пуцін, даручана дзясяткам дзяржкампаній. Яны, паводле задумы Крамля, павінны залатаць дзірку ў іміджы прэзідэнта Расіі і дапамагчы дзяржпрапагандзе, якая імкліва губляе ТБ-аўдыторыю і ўсё горш спраўляецца з пошукам аргументаў на карысць вайны, якая працягваецца амаль год.
Няўдачы на фронце, мабілізацыя і пагроза далейшай страты захопленых украінскіх тэрыторый ужо вымусілі Пуціна скараціць частату публічных мерапрыемстваў і ўпершыню за 10 гадоў завяршыць год без традыцыйнай вялікай прэс-канферэнцыі. Заціснуты паміж пераможнай рыторыкай і крывавай рэальнасцю Крэмль шукае спосабы зноўку склеіць разбіты кубак прапагандысцкага наратыву. Але дарэмна: праведзеныя на замову Крамля непублічныя апытанні паказалі, што за мірныя перамовы з Украінай выступаюць 55% расіян, за працяг вайны — 25%.
Любое выказванне аб адступленні імгненна павышае антырэйтынг, кажа суразмоўца The Moscow Times, чыноўнік Крамля. «Аб здачы Херсона начальнік маўчыць ужо больш за месяц, — адзначае ён. — Выкручваюцца іншыя».