З аўкцыёну прадаюць карціны нямецкага мастака з краявідамі Мінска 1942 года
На анлайн-аўкцыёне прадаюць пяць карцін нямецкага жывапісца Эдуарда Вінклера, на якіх намаляваны зімовыя пейзажы Мінска 1942 года. Пра гэта расказаў тэлеканал АНТ.
Мастак Вінклер апынуўся на Усходнім фронце падчас Другой сусветнай вайны. На пяці ягоных работах адлюстраваны вядомыя месцы — Верхні горад са Свята-Духавым саборам і касцёлам Панны Марыі, а таксама цяпер ужо не існуючая галоўная мячэць. Сярод лотаў таксама беларускі вясковы пейзаж.
Па карцінах Вінклера не скажаш, што напісаныя яны ў час вайны. Хоць у 1942 годзе Мінск ужо быў значна разбураны, на творах мастака гэта не адлюстравалася.
Сам Эдуард Вінклер нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, скончыў прэстыжную Мюнхенскую акадэмію выяўленчага мастацтва. З 1943 па 1945 гады ён быў удзельнікам антыфашысцкага падполля ў Германіі.