Бюджэтных месцаў крыху паболее, а платных паменее. Якія навацыі чакаюць абітурыентаў у гэтым годзе
Кантрольныя лічбы прыёму абітурыентаў на платную і бюджэтную формы навучання зацверджаныя ў Беларусі. Пра гэта распавёў журналістам першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, паведамляюць Мінск-навіны.
— Зацверджаныя кантрольныя лічбы прыёму за кошт бюджэту і на платную форму навучання. Усяго ў 2023 годзе ВНУ плануюць набраць 52,2 тыс. абітурыентаў, што на 900 чалавек менш, чым у 2022 годзе, — распавёў А. Бахановіч.
Для бюджэтнікаў вызначана 28,4 тысячы месцаў. Годам раней план прыёму абітурыентаў за кошт сродкаў дзяржавы быў некалькі ніжэйшы — 27,8 тыс.
А вось лік платнікаў скароціцца. У гэтым сезоне ВНУ плануюць набраць 23,8 тыс. абітурыентаў, у мінулым — лічба была практычна на 1,5 тыс. чалавек большая.
— План прыёму на ўзроўні сярэдніх спецыяльных устаноў — 39,6 тыс., у тым ліку на бюджэт — 27,4 тыс. і гэта на 1,1 тыс. больш, чым у 2022 годзе, — адзначыў А. Бахановіч.
На рабочыя спецыяльнасці прафесійныя каледжы прымуць 26 тыс. выпускнікоў школ. У гэтым выпадку план прыёму аналагічны леташняму.
— На 2% скарочаны прыём ва ўстановы вышэйшай адукацыі Мінска. І на такі ж працэнт ён павялічаны ў рэгіянальных ВНУ. Гэта абумоўлена неабходнасцю ўмацавання і замацавання кадраў у абласцях, — падкрэсліў А.Бахановіч.
У 2023 годзе павялічаны на 10% набор на медыцынскія і на 4% на асобныя педагагічныя спецыяльнасці.
У апошнім выпадку гаворка пра дашкольную і пачатковую адукацыю, а таксама спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю.
— Павелічэнне звязанае з тым, што гэтыя галіны адчуваюць пэўны дэфіцыт кадраў, і пры планаванні і зацвярджэнні кантрольных лічбаў прыёму мы зыходзілі з гэтых патрэбаў, — сказаў А.Бахановіч. — У сваю чаргу, скарочаны прыём абітурыентаў на эканамічныя і неактуальныя тэхніка-тэхналагічныя напрамкі. Гэтыя падыходы будуць для нас асновай пры фармаванні плана прыёму ў ВНУ і ў наступныя гады.
Чытаць таксама: