БЕЛ Ł РУС

«Гэта сапраўдны рыначнік»

12.11.2009 / 11:32

Алесь Пілецкі

Кіраўнік незалежнага прафсаюза «Азота» — пра расійскага мэнэджэра гродзенскага «Азота».

Кіраўнік незалежнага прафсаюза «Азота» — пра расійскага мэнэджэра гродзенскага «Азота».

11 жніўня новым генеральным дырэктарам прадпрыемства «Гродна Азот» быў прызначаны расійскі менэджэр Ігар Жылін. Ён стаў шостым кіраўніком прадпрыемства ад яго заснавання на пачатку 60‑ых гадоў мінулага стагоддзя. Пры гэтым, ад 1992 году гэта ўжо чацвёртая змена кіраўніцтва. Незвычайна тое, што на вялікае беларускае прадпрыемства запрасілі мэнэджэра з-за мяжы. Адразу пайшлі размовы аб перадпродажнай падрыхтоўцы заводу. Тым больш што «Газпром» даўно падбіваў бакі ў Гродна.

Сяргей Антусевіч, кіраўнік незалежнага прафсаюза супрацоўнікаў «Гродна Азот», так ахарактарызаваў ў размове з «НН» новага кіраўніка прадпрыемства:

«Я сустракаўся з ім. Выглядае, як сапраўдны рыначнік. Адрозненні ад ранейшых кіраўнікоў каласальныя. Выражаецца гэтая розніца хаця б у тым, што

раней ніхто з кіраўніцтва прадпрыемства не кантактаваў так шмат з прэсай.

А Жылін даў інтэрв’ю не толькі рэспубліканскім СМІ, але і рэгіянальным — гродзенскаму тэлебачанню, «Гродзенскай праўдзе». Ён жывы. Ідзе на кантакт. Высновы пасля прызначэння новага кіраўніка з Расіі такія, што завод у цяжкім фінансавым становішчы. Гэта своеасаблівы эксперымент беларускага кіраўніцтва. Тут разумеюць, што ідзе збор інфармацыі з расійскага боку. Знесці такі завод проста немагчыма, як немагчыма і звольніць 70 тыс. чалавек. А на самім заводзе насцярожана спачатку аднесліся да новага кіраўніка.

Аднак Жылін здабыў папулярнасць сярод рабочых, бо даваў крытычную ацэнку працы кіраўнікоў сярэдняга звяна. Людзям такое заўсёды падабаецца.

Зараз даволі спакойна ўспрымаюць новае кіраўніцтва. Увогуле Жылін адстойвае сваю пазіцыю ў тым, што нельга працягваць карміць іншых. На гэтай глебе спачатку ўзнікалі непаразуменні. Новы кіраўнік скараціў выдаткі на ўтрыманне транспартнага цэху, дзіцячых садкоў, спартовых каманд. Шмат каму са старых сярэдніх кіраўнікоў тое не спадабалася».

Кандыдатура Ігара Жыліна была прадстаўлена да прызначэння на пасаду ўладальнікам акцый прадпрыемства канцэрнам «Белнафтахім». А пасля ўзгаднення Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджана на прадпрыемстве «Гродна Азот».

* * *

Ігар Жылін нарадзіўся 18 студзеня 1941 г. у горадзе Арджанікідзэ (сёння — Уладзікаўказ, Паўночная Асеція). У 1965 г. скончыў Томскі палітэхнічны інстытут па спецыяльнасці «машыны і апараты хімічных вытворчасцяў», а ў 1978 годзе — Харкаўскі інжынерна ‑эканамічны інстытут.

Ад 1965 году працаваў на розных пасадах на шэрагу прадпрыемстваў азотнай прамысловасці ва Украіне, Узбекістане, Расіі і Грузіі. З 2003 года працаваў тэхнічным кансультантам маскоўскай кампаніі «СреднеАзГаз», з 2006 года ‑‑ першым намеснікам генеральнага дырэктара АТ «Энэрджы Інвест» у грузінскім Руставі.

У 1990 — 1993 гадах Ігар Жылін быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Расійскай Федэрацыі, намеснікам старшыні Камітэта ВС РФ па пытаннях эканамічнай рэформы і уласнасці, акурат у час чубайсаўскай прыватызацыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула