:B:N: рыхтуецца да 10-годдзя
Бярозаўскі гурт :B:N: адзначыць дзень народзінаў 20 лістапада ў менскім R-club (вул. Сурганава, 26). Пачатак а 18.00.
Бярозаўскі гурт :B:N: адзначыць свой дзень народзінаў 20 лістапада ў менскім R-club вялікім сяброўскім канцэртам. Музыкі рыхтуюць прыхільнікам сваёй творчасці падарункі. «Перадусім гэта новыя песні, якія мы прэзентуем на канцэрце», — паведаміў лідэр гурта Алесь Лютыч.
Вось ужо 10 год «безназоўныя» радуюць фанатаў песнямі, супольнымі музычнымі праектамі, кліпамі. За гэты час яны ўдзельнічалі ў шматлікіх фэстывалях у Беларусі і ў Польшчы, сталі хэдлайнэрамі і ганаровымі гасцямі «Басовішча» і Be Free, запісалі каверы на песні гуртоў Neuro Dubel, N.R.M., знялі шэраг кліпаў (два з якіх — «Канюшня» і «Дажджамі» — перамагалі на прэміі «Кліп-марафон»).
Музыкі не спыняюцца на дасягнутым і зараз актыўна рыхтуюць матэрыял для запісу новага альбома, песні з якога будуць прэзентаваныя на юбілейным канцэрце. Паводле музыкаў, падчас паўтарагадзіннага сольнага выступу прыхільнікі змогуць пачуць не толькі новыя песні, але і ўзгадаць старыя хіты гурта.
Адсвяткаваць дзень народзінаў бярозаўскага рок-гурта :B:N: прыйдуць старыя сябры — гурты «Кальмары», IQ48, KROK. «Безназоўныя» праспяваюць разам з Аляксандрам Кулінковічам і Алегам Хаменкам. Адмыслова на канцэрт з Турцыі прыедзе Яўгенія «Пчолка» Хіло і выканае лірычны хіт «Дажджамі».
Гурт :B:N: запрашае ўсіх на канцэрт 20 лістапада ў R-club (вул. Сурганава, 26). Пачатак а 18.00. Кошт квіткоў: ад 15 да 20 тысяч рублёў. Даведкі па т.: (29) 649-08-88.