«Я ўцякала з двума сабакамі пад пахамі». Вольга Мікалайчык расказала пра выезд з Беларусі і побыт у новай краіне
Беларуская кінадакументалістка і вядомая ў Мінску дзяячка Вольга Мікалайчык збегла ў 2021 годзе ў Бельгію, дзе чакае статусу бежанкі. Да бежанства яе прымусіла цяперашняя ўлада, якая прэсавала Вольгу шмат гадоў яшчэ да 2020 года.
Пра тое, як жывецца жанчыне ў эміграцыі, яна расказала «Радыё Рацыі».
— Дзе вы цяпер знаходзіцеся?
— У цяперашні момант я знаходжуся ў Антверпене — гэта Бельгія. Тут я пражываю ў лагеры для ўцекачоў, ужо каля года.
— Чаму так зацягнуўся гэты працэс?
— Рэч у тым, што ў мяне была польская віза. Калі я прыехала ў Брусель, то адразу атрымала штамп, што па мне будзе «дублінскі працэс» — гэта паўгода ты сядзіш і чакаеш, ці забярэ Польшча да сябе альбо бельгійцы пакінуць у сябе. Мне адразу сказалі: «Мы хочам пакінуць вас у Бельгіі, але гэта непазбежна, чакаць паўгода. Такая працэдура». Я дала так званае «інтэрв’ю», пераправіла ўсе свае дакументы. Цяпер я чакаю гэтага статусу, але па шчырасці гэта часовы статус для мяне. Я не збіраюся ўладкоўвацца і пускаць карані ў Бельгіі. Я ўжо занадта старая, каб пачынаць новае жыццё ў іншай краіне. Я вяртаюся на Радзіму ў любым разе. Я хачу пасля рабіць нашу Радзіму краінай мары.
— Чаму менавіта Бельгія, а не Польшча?
— Я, калі ўцякала ад турмы, я з двума сабакамі пад пахамі і з ноўтбукам, які правезла ў самалёце іншая жанчына, не мела візы. Усе амбасады ў Беларусі былі зачыненыя, быў такі перыяд. Гэта быў май 2021 года, пасля 9-га мая я з’ехала, бо не магла нідзе з’явіцца, бо пільнавалі паўсюль. Я памяняла дзевяць кватэр, было напружана. Я ведала, што мяне чакае турма, канкрэтны тэрмін.
Я прыляцела самалётам у Сербію, бо там непатрэбная віза. З Сербіі я паехала з сабакамі ў Чарнагорыю, там беларусам таксама непатрэбныя візы. І ўжо толькі ў Чарнагорыі на працягу шасці месяцаў я рабіла сабе візу ў Польскай амбасадзе. Ляцець з сабакамі з Чарнагорыі не бралі.
Мае сябры-беларусы ў Бельгіі сказалі: «Слухай, у цябе такая сітуацыя, ні грошай, ні працы, сабакі. Едзь да нас, мы цябе пададзім адразу ў лагер, сабак тваіх патрымаем у сябе». Бо з жывёламі ў лагер нельга. «Пасля гэтага ты атрымаеш хоць нейкі статус і будзеш мець магчымасць працаваць». Прыехала, атрымала аранжавы пашпарт і магчымасць працаваць. Я папрацавала, сарвала спіну, на ровары ўначы дабіралася зімой, падала на хуткасці, некалькі разоў пад машынай пабывала. Такі добры досвед я лічу.
— Якія ўмовы ў лагеры?
— Каб параўнаць, то гэта такі савецкі летнік. Стаяць вагончыкі. У мяне ў пакоі дзве жанчыны з Самалі, адна з Бурундзі. Мы сябруем. Мой пакойчык метраў восем, чатыры ложкі, чатыры шафы металічныя, на калідоры прыбіральня. Кухні няма, ёсць так званы «рэстаран», дзе тры разы на дзень харчуешся бясплатна. Садавіну, гародніну даюць. Усё сціпла, але смачна. Там у асноўным афганцы, афрыканцы, палесцінцы. З СНД няшмат, малдаванкі, цыганкі, грузіны ёсць. Толькі па-англійску можна размаўляць. Асістэнты вельмі добрыя. Пад Антверпенам гэты лагер, там нас недзе 400 чалавек. Можна пакідаць лагер, дзесяць дзён можна адсутнічаць, але не больш за тры дні запар. Калі не працуеш, не ўладкаваны, ты ўнутры лагера робіш усю працу за малую аплату. Але людзі працуюць.
— Адным словам, незайздросна.
— Усё параўнальна. Калі я думаю, што на Радзіме, у нашым канцлагеры пад акупацыяй, я лічу, што мяне Бог проста выратаваў. Я гуляю па вольнай, дэмакратычнай Бельгіі, у мяне з’явіліся тут добрыя сябры. Я ўдзячная лёсу, бо гэта не параўнаць. Жахлівы, страшны час.