БЕЛ Ł РУС

Паліцыя Кіеўскай вобласці: абвінавачаны ў злачынствах у Бучы ўраджэнец Беларусі абвешчаны ў вышук, справы не закрылі

26.06.2023 / 13:49

Nashaniva.com

Сяргея Калацэя называюць не беларускім грамадзянінам, а акурат ураджэнцам Беларусі.

Сяргей Калацэй

У галоўным упраўленні Нацыянальнай паліцыі Украіны ў Кіеўскай вобласці паведамілі, што справы супраць мазыраніна Сяргея Калацэя, якога падазраюць у датычнасці да забойстваў мірных жыхароў у горадзе Буча Кіеўскай вобласці падчас расейскай акупацыі, не закрылі і працягваюць яго вышук у сувязі тым, што ён хаваецца ад следства, як піша «Радыё Свабода».

«Паведамляем, што следчы аддзел Бучанскага ўпраўлення паліцыі ў Кіеўскай вобласці ажыццяўляў дасудовае расследаванне ў асобным крымінальным вядзенні паводле прыкмет крымінальных правапарушэнняў, прадугледжаных ч. 1 і ч. 2 артыкула 438 («Парушэнне законаў і звычаяў вайны») Крымінальнага кодэкса Украіны, падчас якога падазраванага ўраджэнца Рэспублікі Беларусь абвясцілі ў вышук у сувязі з тым, што ён хаваецца ад следства», — адзначаецца ў адказе на афіцыйны запыт «Свабоды».

Сяргея Калацэя ў гэтым адказе называюць не беларускім грамадзянінам, а акурат ураджэнцам Беларусі.

У той жа час паліцыя Кіеўскай вобласці адмовілася адказаць на пытанне, чым завяршылася паўторная праверка факта службы Сяргея Калацэя ў расейскіх войсках.

Кіраўніца аддзела камунікацыі паліцыі Кіеўскай вобласці Ірына Пранішнікава матывавала гэтую адмову заканадаўчай забаронай раскрываць звесткі дасудовага следства без дазволу следчага ці пракурора.

Летась у жніўні Кіева-Святошынскі раённы суд Кіеўскай вобласці прадоўжыў дасудовае расследаванне справы Сяргея Калацэя да 2 лістапада 2022 года. Паколькі іншых рашэнняў суда аб прадаўжэнні следства не публікавалі, пэўна, яго спынілі і абвясцілі беларуса ў вышук, але справу, як вынікае з адказу паліцыі, не закрылі.

Што папярэднічала

Справу на Сяргея Калацэя завялі трэцяга красавіка 2022 года паводле ч. 1 і 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэкса Украіны «Парушэнне законаў і звычаяў вайны, якое заключаецца ў бязлітасным стаўленні да цывільных, аб’яднаных з наўмысным забойствам». Гэта караецца пазбаўленнем волі на 10-15 гадоў або пажыццёвым зняволеннем.

Мазыраніна ідэнтыфікавалі па відэазапісах з мазырскага аддзялення СДЭК, апублікаваных у красавіку, на якіх Сяргей Калацэй пакаваў для адпраўлення пасылку.

Паводле следства, 18 сакавіка 2022 года на мяжы вуліц Назарыя Ярамчука і Яблунскай у горадзе Буча Кіеўскай вобласці Сяргей Калацэй застрэліў па чарзе чатырох грамадзян Украіны.

2 мая 2022 года следства накіравала Сяргею Калацэю тэкст падазрэння праз месенджары Telegram і WhatsApp. Следчыя шэсць разоў выклікалі беларуса на допыт, а пасля таго, як ён не з'явіўся, суд ухваліў рашэнне аб ягоным завочным арышце і абвясціў у вышук.

Сяргей Калацэй ад пачатку адмаўляе сваю віну, як і той факт, што нядаўна наведваў Украіну. Па словах Калацэя, ён мае толькі беларускі пашпарт і апошні час знаходзіўся ў Беларусі. У матэрыялах справы яго называюць грамадзянінам Расеі.

Тагачасная генеральная пракурорка Украіны Ірына Венядзіктава заяўляла, што следчыя сабралі бясспрэчныя доказы аб датычнасці да расстрэлу чатырох жыхароў Бучы ў Кіеўскай вобласці, у тым ліку беларуса Сяргея Калацэя.

19 ліпеня 2022 года Вярхоўная рада Украіны адправіла Ірыну Венядзіктаву ў адстаўку, а 28 ліпеня новым кіраўніком пракуратуры стаў Андрэй Косцін. Ён быў выбраны ў Вярхоўную Раду Украіны ад праўладнай партыі «Слуга народу» і да прызначэння працаваў кіраўніком парламенцкага камітэта прававой палітыкі.

Чытайце таксама:

Сяргей Калацэй, абвінавачаны ў злачынствах у Бучы, патлумачыў сітуацыю ў Instagram

Першы падазраваны з Бучы — грамадзянін Беларусі?

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула