БЕЛ Ł РУС

Пасол Круты ацаніў аб'ём экспарту са страчаных рынкаў

26.06.2023 / 14:44

Nashaniva.com

Страты экспарту Беларусі з-за санкцый Захаду і падзей ва Украіне ацэньваюцца ў 10,5 мільярда даляраў у год, але Мінск змог амаль цалкам кампенсаваць гэты аб'ём за кошт перанакіравання паставак у РФ, краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, як заявіў «РИА Новости» пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты.

Дзмітры Круты. Фота: БелТА

«Летась доля ЕС [у агульным аб'ёме беларускага экспарту] знізілася да 14%, а за пяць месяцаў гэтага года — да 5%. Па зразумелых прычынах Украіны [сярод рынкаў збыту беларускай прадукцыі] цяпер няма наогул. Страта рынкаў Еўропы і Украіны ў выніку склала для беларускай эканомікі 10,5 мільярда даляраў», — сказаў беларускі дыпламат.

Ён адзначыў, што на расійскі рынак перанакіравалі прадукцыю прыкладна на 6,5 мільярда даляраў, у іншыя «дружалюбныя краіны» — Кітай, іншыя краіны Азіі, часткова ў Афрыку і Лацінскую Амерыку — яшчэ 2,2 мільярда даляраў. «А наогул, калі палічыць усё, то мы не дацягнулі да максімальнага значэння дзесьці ўсяго толькі 1,7 мільярда даляраў», — канстатаваў Круты.

Пасол звярнуў увагу, што асаблівасць беларускай эканомікі ў яе вялікай адкрытасці: 53% ВУП займае знешні гандаль. Па словах беларускага дыпламата, у Расіі, напрыклад, гэта 26%, то-бок «фактычна менш у два разы, таму што існуе вялікі ўнутраны рынак».

«Традыцыйна ў нас за апошнія, думаю, пяць-сем гадоў доля рынкаў Украіны і Еўрасаюза займала прыкладна 40% у аб'ёме экспарту», — нагадаў Круты.

«Перанакіраванне патокаў праходзіць паспяхова, і гэта адзін з краевугольных камянёў поспеху ў барацьбе з санкцыйнай істэрыяй Захаду», — падкрэсліў ён.

Чытайце таксама:

Пасол Круты: Праз год-два ўсе маршруты будуць пераарыентаваныя на расійскі кірунак

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула