«Гэта не камп'ютарная гульня». Кіраўнік Мінабароны Украіны заявіў, што контрнаступ УСУ адстае ад графіка, але ідзе па плане
25.07.2023 / 6:45
Паводле слоў Рэзнікава, уяўленне пра тое, што наступ абавязкова павінен быць хуткім, не адпавядае рэчаіснасці.
Аляксей Рэзнікаў. Фота: УНІАН
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў прызнаў у інтэрв'ю тэлекампаніі СNN, што контрнаступ УСУ ідзе не так хутка, як планавалася, але адзначыў, што «не занепакоены» вынікам аперацыі, бо яна развіваецца па плане, паведамляе Бі-бі-сі.
Паводле слоў Рэзнікава, уяўленне пра тое, што наступ абавязкова павінен быць хуткім, не адпавядае рэчаіснасці.
Кіраўнік украінскага абароннага ведамства назваў некалькі прычын, з якіх наступ УСУ развіваецца павольней, чым чакалася, у тым ліку недахоп боепрыпасаў, снарадаў і артылерыйскіх сістэм.
«Гэта пытанне СПА. Гэта таксама пытанне таго, што ў нас вельмі доўгая лінія фронту. І супраць нас змагаецца вялікая колькасць ворагаў. Так што гэта вайна. Гэта не камп'ютарная гульня», — заявіў Рэзнікаў тэлекампаніі СNN у інтэрв'ю, якое было запісана ў мінулыя выходныя.
Заходнія эксперты лічаць, што УСУ пачалі наступальную аперацыю ў пачатку чэрвеня, аднак не змаглі хутка прарваць абаронны лініі расейскай арміі.
Украінскія вайскоўцы засяродзілі намаганні на трох асноўных участках фронту, у тым ліку ў раёне Бахмута, на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей (каля вёскі Вялікая Навасёлка, дзе знаходзіўся так званы «Урэмеўскі выступ»), а таксама ля горада Арэхаў.
У выніку першай хвалі наступу ўкраінскія вайскоўцы страцілі пэўную колькасць тэхнікі, у тым ліку дадзенай краінамі Захаду і перагледзелі тактыку, кажуць аналітыкі. На іх думку, цяпер УСУ спрабуюць больш планамерна выматаць расейскія войскі і скарыстацца прабеламі ў абароне, калі яны з'явяцца.
Пра тое, што наступ УСУ ідзе павольней, чым планавалася, у інтэрв'ю Бі-бі-сі ў канцы чэрвеня казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Рэзнікаў заявіў СNN, што «нашы генералы, нашы камандзіры бачаць рэальную сітуацыю на полі бою». «І зноў, павінен паўтарыць, галоўная каштоўнасць для нас — гэта жыццё нашых вайскоўцаў», — падкрэсліў міністр.
Паводле слоў Рэзнікава, украінскім вайскоўцам даводзіцца ўручную расчышчаць сабе дарогу, прасоўваючыся па сцежках у палях. Як кажа міністр абароны, у расейцаў ёсць «сур'ёзныя ахоўныя зоны з мінамі», і праз іх «вельмі цяжка прарвацца».
«Мы павінны выкарыстоўваць нашых вайскоўцаў, сапёраў і ўсё гэта вельмі павольна размініраваць, каб падрыхтаваць калідоры для сапраўднага наступальнага руху», — сказаў Рэзнікаў.
Ён дадаў, што ўкраінскія войскі робяць дзеянні на розных напрамках, каб не даць расейцам разумення аб накіраванні асноўнага ўдару.
У дачыненні да агульнага ходу вайны Рэзнікаў сказаў CNN, што да лета наступнага года яна скончыцца перамогай Кіева — і пасля гэтага Украіна можа атрымаць запрашэнне на ўступленне ў NATO.