«Украіна заслугоўвае перамогі». Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру звернуцца з важным пасланнем да ўрада ЗША
25.07.2023 / 10:8
З 25 да 28 ліпеня дэлегацыя лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру 2022 года з Украіны, Беларусі і Расіі правядзе сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ўрада ЗША, падчас якіх выкажа непахісную падтрымку Украіне.
Разбураны ад ракетнага ўдару ў студзені 2023 года дом у Дняпры. Фота з сацсетак
Падчас чатырохдзённага візіту дэлегацыя ў складзе Аляксандры Мацвяйчук з «Цэнтра грамадзянскіх свабод» Украіны, Аляксандра Чаркасава з расійскага праваабарончага цэнтра «Мемарыял» і Канстанціна Старадубца з ПЦ «Вясна», які прадстаўляе зняволенага лаўрэата Алеся Бяляцкага, сустрэнецца з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамента, камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Камітэта па міжнародных адносінах ЗША і Белага дома, а таксама з рознымі экспертамі ў галіне права з уплывовых аналітычных цэнтраў, піша «Вясна».
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру 2022 года выступілі з заявамі, у якіх выказаліся за актыўнейшы ўдзел ЗША ў падтрымцы перамогі Украіны і рэкамендацыі па аднаўленні міжнароднай сістэмы міру і бяспекі. Аляксандра Мацвяйчук з «Цэнтра грамадзянскіх свабод» падкрэслівае, што Расія ўжо даўно выкарыстоўвае ваенныя дзеянні як сродак дасягнення сваіх геапалітычных мэтаў, ужываючы ваенныя злачынствы ў якасці стратэгіі забеспячэння перамогі.
Такая карціна прасочваецца ў многіх рэгіёнах, уключаючы Чачню, Грузію, Малдову, Малі і Сірыю. Характэрна, што на працягу ўсіх гэтых канфліктаў Расіі ўдавалася сыходзіць ад адказнасці за свае дзеянні. На думку Мацвяйчук, для таго каб прыцягнуць да адказнасці Уладзіміра Пуціна, вышэйшае кіраўніцтва Расіі і вайскоўцаў, неабходна разарваць кола беспакаранасці.
Канстанцін Старадубец адзначае, што перамога Украіны не толькі прынясе свабоду Беларусі, але і будзе сімвалізаваць трыумф грамадзянскай супольнасці ў краіне, якая знаходзіцца пад расійскай акупацыяй.
«Захаваць мір і незалежнасць Беларусі немагчыма, не спыніўшы агрэсіўнага расійскага імперыялізму. А гэта вымагае перамогі Украіны», — сказаў Канстанцін Старадубец.