На выходных зноў пройдзе фэст «Бацькава булка»
Гэтым разам для парытэту будзе таксама праведзены конкурс «Матулін каравай».
Фота: Свіслацкая газета
Падрыхтоўку фэсту, які пройдзе ў Свіслачы, вядзе аргкамітэт пры Гродзенскім абласным упраўленні культуры, а праграма распрацавана Свіслацкім цэнтрам культуры і народнай творчасці, піша «Звязда».
— Свята становіцца вельмі папулярным, бо яго тэма блізкая кожнаму, — зазначае намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Святлана Дзянісава. — Важнасць гэтага прадукту відавочная, а восем назваў хлебабулачных вырабаў увайшлі ў склад нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Усе яны будуць прадстаўлены на каравай-фэсце ў Свіслачы. Таксама падрыхтавана нямала пякарскіх конкурсаў як для аматараў, так і для прафесіяналаў гэтай справы.
На выстаўцы-конкурсе «Бацькаўшчына», напрыклад, прафесійныя пекары прадставяць у выпечцы гістарычныя аб'екты Беларусі. Летась тут знайшлі адлюстраванне і Белавежская пушча, і гродзенскія замкі, і старажытныя сядзібы.
Адным з самых цікавых абяцае стаць конкурс «Матулін каравай». Узяць удзел у ім змогуць усе ахвотныя, у тым ліку пекары-аматары і хатнія гаспадыні. На свята пададзена 23 заяўкі. Сваё майстэрства ў кулінарным спаборніцтве можна будзе прадэманстраваць у дзвюх намінацыях: «Традыцыйны каравай» і «Сучасны каравай».
Кожны ўдзельнік павінен прадставіць адзін выраб вагой не меншай за кілаграм. Калі гэта «Традыцыйны каравай», то ў хатніх умовах па традыцыйным рэцэпце гатуецца пірог, каравай ці булка. Вітаецца наяўнасць сямейнай гісторыі, якая звязана з вырабам.
Паведамляецца, што ідэя фэсту ўзнікла пасля наведвання Лукашэнкам у чэрвені 2021 года мясцовай пякарні. Ён высока ацаніў смак свіслацкага хлеба, асабліва — здобнай пляцёнкі. І з таго часу пайшла назва «Бацькава булка». Год таму ў Свіслачы зладзілі рэспубліканскі фэст. Сёлета свята пройдзе другі раз.
Чытайце таксама: