Шведы знайшлі ў беларускім абутку канцэрагены
Трохвалентны хром хоць і бясшкодны ў звычайных выпадках, але пры спальванні ці ўтылізацыі пераўтвараецца ў шасцівалентны канцэраген, які паступае ў арганізм праз лёгкія і скуру.
Шведскія спецыялісты знайшлі ў беларускім абутку канцэраген: трохвалентны хром.
Ён хоць і бясшкодны ў звычайных выпадках, але пры спальванні ці ўтылізацыі пераўтвараецца ў шасцівалентны канцэраген, які паступае ў арганізм праз лёгкія і скуру, забруджвае вадаёмы, наносіць шкоду чалавеку і іншым арганізмам.
У даследаванні шведскага Ўпраўлення аховы навакольнага асяроддзя бралі ўдзел каля 20 пар абутку, набытыя як у самой Швецыі, так і ў Паўднёвай Афрыцы, Угандзе, Філіпінах і Беларусі.
У некаторым абутку былі выяўленыя канцэрагенныя фарбы, якія таксама з’яўляюцца наймацнейшымі алергенамі. Разам з потам на нагах яны могуць трапляць у арганізм чалавека.
Акрамя таго, у абутку былі знойдзеныя мыш’як, свінец і ртуць. У Швецыі існуе забарона на ртуць, і яе прысутнасць у таварах з’яўляецца парушэннем закона, паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на ИТАР‑ТАСС.