БЕЛ Ł РУС

Рэферэндумы і мінарэты

7.12.2009 / 11:56

Віталь Тарас

Дзве падзеі адбыліся некалькі дзён таму. Піша Віталь Тарас.

Дзве падзеі адбыліся некалькі дзён таму.

Кіраўнік генеральнага дырэктарата Рады Еўропы па дэмакратыі і палітычных пытаннях Жан‑Луі Ларан адзначыў, што ў справе скасавання смяротнага пакарання ў Беларусі не патрабуецца рэферэндум. Ён звярнуў увагу, што смяротнае пакаранне ў беларускай Канстытуцыі прапісанае як часовая мера, значыць плебісцыту для яе адмены не патрабуецца.

«Рэферэндум – гэта не сапраўдны, а падробны аргумент», – падсумаваў ён.
Скасаванне смяротнага пакарання, нагадаем, застаецца адной з галоўных умоваў уваходжання Беларусі ў Раду Еўропы.
І другая падзея – у Швейцарыі ўдзельнікі рэферэндума прагаласавалі супраць далейшага будаўніцтва ў краіне мінарэтаў
.

Галасаванне было вельмі актыўным – у ім узялі ўдзел каля 50% выбарцаў, з іх за забарону галасавалі амаль 75%.

І там, і там, здавалася б, гаворка вядзецца пра народнае – волевыяўленне.

Але ў першым выпадку, насамрэч, мы сутыкаемся з дэмагогіяй беларускай улады. У ніводнай краіне ЕС рэферэндумы наконт скасавання пакарання смерцю не праводзіліся. Бо ў Еўропе, як і паўсюль, большасць насельніцтва выступае за захаванне кары смерцю. У яшчэ большай ступені гэта тычыцца Расіі. Справа ў палітычнай волі эліт, якія звязваюць сваю будучыню і будучыню сваіх краін з будучыняй дэмакратычнай Еўропы.

Выпадак з рэферэндумам у Швейцарыі больш складаны. Па‑першае, там рэферэндумы ніхто не назвязвае зверху, іх ініцыююць, як правіла, самі выбарцы. Непасрэдная дэмакратыя – гістарычная традыцыя Швейцарскай Канфедэрацыі.

Па‑другое, было б няправільна бачыць у выніках рэферэндума аб мінарэтах праявы рэлігійнай нецярпімасці, ксенафобіі і расізму,

як гэта зрабілі многія аглядальнікі. Швейцарыя – шматэтнічная і шматканфесійная краіна. У некаторых кантонах пераважае нямецкая, у іншых французская альбо італьянская мова, і ўсе яны маюць афіцыйны статус. Агромністую долю насельніцтва складаюць імігранты.

Так было не заўсёды: падчас апошняй вайны швейцарскія ўлады, каб не злаваць Гітлера, не ўпускалі ў краіну яўрэйскіх уцекачоў. Да апошняга часу ў Швецарыі дзейнічала досыць жорсткае антыэміграцыйнае заканадаўства. Але ж унутры краіны сапраўды пануе поўная дэмакратыя і роўнасць. Ніхто не замінае грамадзянам краіны і імігрантам спавядаць любую рэлігію. Тут жывуць побач хрысціяне, юдэі, мусульмане і будысты. Не даводзіцца сумнявацца, ёсць там і сатаністы. (Дарэчы, не так даўно у краіне ЕС Славеніі на пасаду міністра ў справах рэлігій прызначылі… былога сатаніста. І вялікага скандалу гэта не выклікала, хоць каталікі і абураліся.)

Заўважце, рэферэндум тычыўся не права спавядаць іслам ці будаваць мячэці.

Гаворка вялася толькі пра мінарэты – вежы, з якіх муэдзіны заклікаюць вернікаў на малітву.

Мне падаецца, бліжэй многіх да ісціны падышла ўдава Андрэя Сахарава Алена Бонэр, якая ў сваім водгуку на швейцарскі рэферэндум параўнала будаўніцтва мінарэтаў у альпійскай канфедэрацыі са спробай… узвесці гіганцкую вежу «Газпрома» ў Санкт‑Пецярбургу. І там, і там размова, найперш, тычыцца непавагі да грамадскай думкі, да культуры, да традыцый еўрапейскай архітэктуры (у дадзеным выпадку была б парушана лінія перспектывы, прызнаная ўнікальнай). Мінарэты арганічна глядзяцца ў Стамбуле, Мецы, Багдадзе, Кабуле. Таксама, як арганічнай часткай мясцовых краявідаў з’яўляюцца пагады ў Кітаі і М’янме, гіганцкія статуя Буды ў Японіі…

Магчыма, новы мінарэт у цэнтры нямецкага Кёльна таксама ёсць творам сучаснай архітэктуры. Але, думаецца, мільёнамі мусульман як у Еўропе, гэтак і ў Азіі ён успрымаецца найперш як рэлігійны сімвал.

Між іншым, талібы (зацятыя прыхільнікі шарыяту) у афганскай правінцыі Баміян на пачатку гэтага стагоддзя знішчылі адзін з шэдэўраў сусветнай культуры – статуі Буды пятага стагоддзя нашай эры. Яны расстралялі іх з гарматаў, бо пакланенне статуям пярэчыць ісламу.

Зразумела, мусульмане ў Еўропе паводзяць сябе інакш, чым у сябе ў Афганістане, Іране, Пакістане, Самалі…

Іх прыцягвае сюды не толькі высокі ўзровень жыцця. Іх прыцягвае талерантнасць, грамадзянскія правы і свабоды, у тым ліку, свабода сумлення

– тое, што называецца еўрапейскімі каштоўнасцямі. Праблема толькі ў тым, што эмігранты з Усходу, ахвотна карыстаючыся гэтымі каштоўнасцямі, вельмі часта не хочуць кіравацца ім у сваім уласным жыцці, у сваіх паводзінах і дачыненнях з іншымі. Не проста жыць у Еўропе, але – быць еўрапейцамі.

Між іншым, нас гэта таксама тычыцца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула