БЕЛ Ł РУС

Ці праглыне Еўропа

7.12.2009 / 11:58

Пётра Рудкоўскі

Які будзе лёс нацыянальных суверэнітэтаў у ЕС? Піша Пётра Рудкоўскі.

Які будзе лёс нацыянальных суверэнітэтаў у ЕС? Піша Пётра Рудкоўскі.

Гэта сапраўды цікава. «Рэфармацыйны» Лісабонскі трактат Еўрасаюзу, які з горам папалам набыў юрыдычную сілу 1 снежня 2009 году, скіраваны перадусім на аптымізацыю функцыянавання ЕС як цэласці. А ў прыродзе так павялося, што чым больш мацуем цэльнасць, тым больш абмяжоўваем чальцоў гэтай цэльнасці. А калі абмяжоўваем, то і крыўдзім. Хоць гэта яшчэ не факт: пачцівы філосаф Арыстокл, якога ўсе ведаюць пад мянушкай «Платон», паківаў бы галавой з нашай наіўнасці і павучыў бы, што падпарадкаванне чальцоў цэльнасці ёсць самай што ні ёсць праявай справядлівасці, а разам з гэтым ніякай не крыўдай, а толькі дабром для чальцоў.

Так ці гэтак, пытанне ў наступным: у чым заключаецца гэтае ўзмацненне цэльнасці Еўрасаюзу і якія гэта можа мець наступствы для нацыянальных суверэнітэтаў? І што думаць пра ўсё гэта беларусу, якога вярэдзіць клятае пытанне: ці не абмяжоўваў бы ЕС беларускі суверэнітэт, каб гэты суверэнітэт быў у абдымках рэфармаванай Еўропы?

Найбольш значным і рэальным рэфармацыйным крокам Лісабонскага трактату ёсць змена спосабу прыняцця рашэнняў у Радзе Еўрасаюзу.

Рада перастане быць «шляхецкай дэмакратыяй», дзе падчас вырашэнні сур’ёзнага пытання кожная дзяржава магла заявіць сваё liberum veto. Цяпер бальшыня спраў будзе вырашацца галасамі т.зв. «падвойнай большасці»: 1) 55% плюс адзін прадстаўнік дзяржаў павінны прагаласаваць «за»; 2) сумарная колькасць насельніцтва дзяржаў, прадстаўнікі якіх галасуюць «за», павінна складаць не менш за 65% жыхароў ЕС.

А для вырашэння спраў вялікай вагі (супольная замежная палітыка, бяспека, эканамічная й грашовая палітыка) трэба будзе сабраць не менш за 72% галасоў ад колькасці дзяржаў‑удзельніц. Прыняццё рашэнняў паводле прынцыпу «кваліфікаванай бальшыні» прадугледжваў і трактат, падпісаны ў Ніцы (даючы іншую формулу вылічэння), аднак гэты прынцып выкарыстоўваўся толькі пры вырашэнні малазначных і дробязных спраў.

Ёсць тут, аднак, шэраг амартызатараў. Па‑першае, новы спосаб прыняцця рашэнняў увойдзе ў сілу ажно ў 2014 годзе. Па‑другое, тры гады (2014‑‑17) будуць «пераходнымі». Лісабонскі прынцып будзе прымяняцца, аднак кожная дзяржава зможа запатрабаваць вырашэння справы паводле ўмоваў пагаднення ў Ніцы. 1 красавіка 2017 года пачне дзейнічаць выключна лісабонскі прынцып, але нават тады (гэта па‑трэцяе) можна будзе спаслацца на т.зв. «кампраміс Яаніны», які дазваляе краінам, што апынуліся ў меншасці, запатрабаваць адтэрміноўкі прыняцця рашэння і пошуку кампрамісу.

Лісабонскае пагаденне прадугледжвае таксама ўзмацненне ролі Еўрапарламента, уводзіць пасаду прэзідэнта Еўрапейскай рады, змяняе прынцып старшынявання паасобных краін у Радзе ЕС па чарзе (замест паўгадовага кіравання адной краіны мае быць паўтарагадовае кіраванне трох краін), змяншае колькасць еўракамісараў. Што яшчэ? Саюз становіцца суб’ектам міжнароднага права, бо дагэтуль ён быў «сумай» трох суб’ектнасцяў: Еўрапейская супольнасць (з «Еўраатамам») + Супольная замежная палітыка і бяспека + Судовае і паліцэйскае супрацоўніцтва ў крымінальных справах.

Найбольш, аднак, эмоцый выклікала Дэкларацыя 17 Трактату, у якім чытаем: «Канферэнцыя нагадвае, што, згодна з устаноўленым прэцэдэнтам (case law) Трыбунала юстыцыі Еўрапейскага Саюзу, Трактаты і законы, прынятыя ЕС на падставе Трактатаў,

маюць першынство перад законамі краін‑удзельніц на ўмовах, устаноўленых згаданым прэцэдэнтам».

Выразна-правыя рухі ў розных еўрапейскіх краінах забілі трывогу. «Памерла, памерла Айчына» ‑‑ так пачынаецца верш польскай паэткі Наталіі Новак, напісаны з нагоды падпісання прэзідэнтам Лехам Качынскім Лісабонскага пагаднення. «Лісабонскі трактат ‑‑ канец нацый» ‑‑ сцвярджаюць ірландскія нацыяналісты. Вацлаў Клаўс, прэзідэнт Чэхіі, пасварыўся са сваёй партыяй і пакінуў яе, каб развязаць сабе рукі для абароны чэшскіх інтарэсаў перад «еўракратамі». Хоць слынная «Libertas» (агульнаеўрапейскае згуртаванне еўраскептыкаў) не здабыла чаканай падтрымкі ў часе выбараў у Еўрапарламент, усё ж сацыёлагі й журналісты адзначаюць рост еўраскептычных настрояў у краінах ЕС. Расце занепакоенасць лісабонскай рэформай, чуваць заявы, што гэтая рэформа прасоўваецца подступам і падманам, без тлумачэння шырокай грамадскасці сутнасці зменаў і без правядзення рэферэндуму (выключэннем тут была Ірландыя). Прынагодная публіцыстыка ў правай прэсе многіх краін‑сябраў ЕС сваім пафасам і зместам нагадвала публіцыстыку ў беларускай незалежнай прэсе з нагоды рэферэндуму‑95 альбо ўтварэння саюзу Беларусі і Расіі.

Ці абгрунтаваная занепакоенасць нацыяналістаў і еўраскептыкаў? Калі іх непакой тычыцца нацыянальнага суверэнітэту, то, у нейкай ступені, так. Але ўжо ў 50‑я Жан Манэ, адзін з «бацькоў» еўраінтэграцыі, выразна заяўляў: «Мір у Еўропе не будзе дасягнуты, калі будзем яго адбудоўваць на базе нацыянальных суверэнітэтаў. (…) Еўрапейскія дзяржавы павінны стварыць федэрацыю». Пра тое, што еўраінтэграцыя ёсць неабходнай умовай «вечнага міру», казаў пад канец XVIII ст. Імануіл Кант і дадаваў, што інтэграваныя дзяржавы будуць эвалюцыянаваць у кірунку федэралізму.

Пры ўсіх засцярогах і крытычных ацэнках (часам слушных) лісабонскай рэформы, мяне станоўча ўражвае тое, наколькі далікатна і тонка еўрарэфарматары падыходзяць да пытанняў суверэнітэту і нацыянальных амбіцый. Распрацаваная формула прыняцця сумесных рашэнняў у Радзе ЕС «абразае» гэтыя амбіцыі толькі настолькі, наколькі патрабуе мінімум эфектыўнага дзейнічання ЕС як цэльнага суб’екта. У гісторыі знаходзім мноства саюзаў і канфедэрацый. Аднак ані саюз элінскіх дзяржаў пад эгідай «дэмакратычных» Афінаў, ані сярэднявечная civitas christiana, ані які‑кольвечы пазнейшы інтэграцыйны праект не быў настолькі ўзважаны і вольны ад унутранага імперыялізму, як праект еўраінтэграцыі ў другой палове ХХ ст. Нельга гэты праект лічыць увасабленнем дабра і справядлівасці ‑‑ ён далёкі ад гэтага ‑‑ аднак мусім, думаю, прызнаць, што ён прайшоў выпрабаванне часам і варты канструктыўнай падтрымкі.

Еўраінтэграцыя ‑‑ гэта ўсё ж складаны, неадназначны і псіхалагічна праблемны працэс. Грамадзянам Аб’яднанай Еўропы прыходзіцца адказаць на пытанне, наколькі ключавую ролю для іх экзістэнцыі адыгрывае нацыянальны суверэнітэт, перабыванне ў адносна замкнёным абшары дзяржавы‑нацыі, з якой грамадзянін злучаны не толькі «сацыяльным кантрактам», але і пэўнай духоўна‑псіхалагічнай повяззю. У новай, больш шчыльна аб’яднанай Еўропе, не знікнуць нацыянальныя супольнасці, але можа знікнуць адчуванне дастатковай моцы гэтых супольнасцяў. Нацыянальныя супольнасці павінны будуць мірыцца з тым, што іх дзяржавы уплеценыя ў складаную сетку ўзаемазалежнасцяў і павінны будуць улічваць не толькі інтарэсы гэтых супольнасцяў, але і патрэбы Еўрасаюзу як цэлага. Зніклі ўжо дзяржаўныя межы, расплываюцца і знікаюць нацыянальна‑культурныя межы, а гарант гэтых межаў ‑‑ дзяржава ‑‑ будзе ўсё больш і больш бездапаможны ў захоўванні і ахоўванні гэтых межаў. Гэта не дужа камфортная сітуацыя для прыхільнікаў формулы «дзяржава‑нацыя‑суверэнітэт», але яна непазбежна суправаджае поступ інтэграцыі.

Што рабіць у гэтай сітуацыі беларусу? Ці варта імкнуцца ў Еўрасаюз? Гэта тэма на асобную дыскусію, таму абмяжуюся тут толькі вобразным акрэсленнем трох магчымасцяў: 1) можна адбыць жалобу па адсутнасці ў айчыннай гісторыі «яскрава‑нацыянальнай» эпохі, потым усміхнуцца і крочыць у абдымкі Аб’яднанай Еўропы; 2) махнуць рукой на Еўропу і застацца «вечным братам» вялікай Расіі; 3) паехаць у Паўночную Карэю, прайсці трэнінг «выжывання ў ізаляцыі», вярнуцца і з гонарам будаваць трывалую і непарушную сваю суверэннасць.

Што выбраць?

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула