БЕЛ Ł РУС

На возеры Дрывяты перакулілася прагулачная яхта

2.09.2023 / 20:29

Nashaniva.com

Увечары 1 верасня ў Браславе на возеры Дрывяты пацярпела крушэнне прагулачная яхта. Супрацоўнікі выратавальнай станцыі падышлі на катары і за кіламетр ад берага выцягнулі з вады чацвярых чалавек. Сярод выратаваных — чатырохгадовая дзяўчынка, піша Kraj.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Kraj.by

«У нас тут працуе клуб «Дрывяціч», які катае адпачывальнікаў па возеры Дрывяты. Учора ўвечары на яхце пад кіраваннем 17-гадовага члена клуба выйшлі на водную прагулку трое мінчукоў — 32-гадовы мужчына, 27-гадовая сяброўка гэтага мужчыны і яе чатырохгадовая дачка. Ратавальнікі на вахце сачылі за яхтай.

Раптам набеглі хмары, падняўся моцны вецер, каля 18.07 яхта перакулілася на адлегласці прыкладна аднаго кіламетра ад берага.

Нам патрэбна ўсяго хвіліна, каб на катары выйсці ў возера. Нашы хлопцы адрэагавалі імгненна. Падышлі да месца крушэння яхты і паднялі на борт катара спачатку чатырохгадовую дзяўчынку, потым яе маму і затым — хлопца з мужчынам», — распавёў матарыст-рулявы Браслаўскай выратавальнай станцыі Вадзім Мурашка.

Ён адзначыў, што рулявы яхты меў неабходныя дакументы, якія дазваляюць кіраваць суднам.

Выратаваных даставілі на станцыю, іх агледзела медсястра. Аказалася, што ўсе ў парадку, але моцна напалоханыя.

Чытайце таксама:

Віцебскія рыбакі патрапілі пад тарнада на возеры ў Гарадоцкім раёне

У Клімавіцкім раёне ў рацэ патанула дзевяцігадовая дзяўчынка

У Віцебскім раёне сотні шэршняў атакавалі людзей на турбазе, аднаго чалавека ледзь адратавалі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула