Пратэсты ў Сербіі. Дэманстранты штурмавалі мэрыю Бялграда ФОТЫ
24.12.2023 / 23:24
Пасля выбараў, якія былі 17 снежня, у Сербіі пачаліся пратэсты. У суботу 24 снежня прадстаўнікі апазіцыйнага руху «Сербія супраць гвалту» атачылі будынак гарадской адміністрацыі Бялграда, знеслі ў ім дзверы і паспрабавалі прарвацца ўнутр.
Прыхільнікі апазіцыі спрабуюць пранікнуць у будынак гарадской адміністрацыі Бялграда ў знак пратэсту супраць вынікаў выбараў, 24 снежня 2023 года. Фота: AP Photo/Darko Vojinovic
Частка дэманстрантаў разбіла вокны ў пад'ездзе. Паліцыя прымяніла супраць іх слёзатачывы газ.
У гарадской адміністрацыі знаходзіцца Рэспубліканская выбарчая камісія.
Супрацоўнікі паліцыі ахоўваюць будынак гарадской адміністрацыі ў Бялградзе, 24 снежня 2023 года. Фота: AP Photo/Darko Vojinovic
«Увесь свет убачыў крадзеж, які ніколі не быў зафіксаваны. Мы атрымалі перамогу ў Бялградзе, Бялград — вольны горад», — сказаў на пратэсце Срджан Мілівоевіч з Дэмакратычнай партыі.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч заявіў, што не лічыць пратэсты рэвалюцыяй.
«Я хачу сказаць вам, не хвалюйцеся, грамадзяне. Сцэны драматычныя, мы не прывыклі, што хтосьці разбурае наш дом і разбівае вокны. Не хвалюйцеся, таму што ніякай рэвалюцыі не адбываецца, і мы стараемся не нашкодзіць каму-небудзь з выпадковых дэманстрантаў мірнай рэакцыяй», — сказаў Вучыч.
Фота: AP Photo/Darko Vojinovic
«Дзяржава дастаткова моцная, каб абараніць, і яна будзе абараняць дэмакратыю і выбарчую волю грамадзян. І гэта ўсё, што трэба ведаць. Бунтаўшчыкі і хуліганы будуць затрыманыя, а потым будуць рэагаваць кампетэнтныя дзяржаўныя органы», — паабяцаў Вучыч.
Фота: AP Photo/Darko Vojinovic
17 снежня ў Сербіі былі датэрміновыя парламенцкія і мясцовыя выбары. Яны прайшлі на фоне абвастрэння ў Косаве і пратэстаў, выкліканых некалькімі выпадкамі масавых забойстваў са стралянінай.
Фота: AP Photo/Darko Vojinovic
На выбарах перамагла партыя дзейнага прэзідэнта Аляксандра Вучыча (але ў сталіцы Сербіі прэзідэнцкая кааліцыя і апазіцыя набралі блізкую колькасць галасоў — 37,48% і 34,38% адпаведна). Апазіцыя заявіла пра парушэнні і фальсіфікацыю галасавання. 18 снежня ў Бялградзе пачаліся пратэсты — сабраліся тысячы прыхільнікаў руху «Сербія супраць гвалту».
Фота: AP Photo/Darko Vojinovic
Вучыч 24 снежня заявіў:
«Што б вы ні спрабавалі зрабіць, не будзе гвалтоўнай змены ці чагосьці яшчэ. Улада мяняецца на выбарах, Сербія —дэмакратычная краіна».