БЕЛ Ł РУС

Пскоўскі мастак захацеў паваяваць з бел-чырвона-белым сцягам, але нашкодзіў сабе самому

4.10.2024 / 19:9

Nashaniva.com

Мастак і рэканструктар з расійскага Пскова Васілій Мізгіроў паведаміў на сваёй старонцы ў «ВКонтакте», што супраць яго завялі справу аб рэабілітацыі нацызму. 4 кастрычніка да яго прыйшлі два оперупаўнаважаныя і выклікалі на допыт 8 кастрычніка ў Следчы камітэт, піша выданне «Псковская губернія».

Васілій Мізгіроў

Прычыны пераследу даволі нечаканыя: мастака падвяло жаданне пазмагацца на роўным месцы з беларускай нацыянальнай сімволікай.

Паводле слоў Мізгірова, выпадак, за які яго цяпер пераследуюць, адбыўся ў 2023 годзе і быў звязаны з тым, што невядомыя размалявалі валуны на падпскоўскім пасёлку Выбуты побач з могілкамі бел-чырвона-белымі палоскамі. 

Пазней высветлілася, што ўдзельнікі асветніцкага праекта «Пскоўская сцежка» проста маркіравалі турыстычную сцежку і ніякіх нават думак пра беларускі нацыянальны сцяг у іхніх галовах не было.

У адрозненне ад іх, у галаве Мізгірова ўзніклі зусім іншыя асацыяцыі, таму ён кінуўся ўсіх пераконваць, што на валунах «сімволіка беларускіх нацыяналістаў». У пацвярджэнне сваіх слоў ён апублікаваў фота нейкага падраздзялення, відаць, ваенных часоў, на заднім плане якога была свастыка. 

За распаўсюд гэтага фота ён і атрымаў цікавасць з боку расійскіх сілавікоў. 

Васілій Мізгіроў — вядомы пскоўскі рэканструктар, мастак і фотамастак, акцёр масавых сцэн, арганізатар фестывалю вайскова-гістарычнай рэканструкцыі ранняга Сярэднявечча «Хельга», які з 2010 года штогод праводзіцца ў Выбутах.

Чытайце таксама:

33 гады таму бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі афіцыйнымі дзяржаўнымі сімваламі

Чаму відэа з танкам пад бел-чырвона-белым сцягам было знятае ў Сумскай вобласці, а не ў Курскай? Тлумачыць Жэрар

Прарасійская актывістка абурылася, што не можа апублікаваць фота з бел-чырвона-белым сцягам

«Білі флагштокам, каб роўна стаяў на каленях перад начальнікам», — палітвязень, які мяняў сцягі на бел-чырвона-белыя, расказаў пра зняволенне

Каментары да артыкула