БЕЛ Ł РУС

Мінчанка пазнаёмілася на вуліцы з двума мужчынамі і атрымала трынаццатую судзімасць

5.12.2024 / 15:47

Nashaniva.com

Адзін з новых знаёмых «напароўся на нож», але гэта па версіі жанчыны.

Гісторыя здарылася на вуліцы Усходняй у Мінску. 41-гадовая жанчына на вуліцы пазнаёмілася з двума мужчынамі, кампанія вырашыла разам выпіць у кватэры.

Увечары гаспадар заўважыў, што яго прыяцель рыецца ў сумачцы ў новай знаёмай і спрабуе скрасці грошы, і зрабіў яму заўвагу.

Гэта пачула жанчына: не доўга думаючы, яна ўзяла нож і ўдарыла злодзея ў жывот, пішуць «Мінск-Навіны».

Пацярпелы нібыта сам адмовіўся ад выкліку хуткай: ён патлумачыў, што знаходзіўся на хатняй хіміі, таму баяўся праблем. Вырашылі спраўляцца сваімі сіламі: гаспадар дома патэлефанаваў прыяцелю і папрасіў прывезці бінты і зялёнку.

Некалькі дзён мужчыну апрацоўвалі рану, ён піў абязбольваючае і запіваў алкаголем. Праз тры дні новы знаёмы памёр. Жанчына ўцякла, а міліцыю і хуткую выклікаў гаспадар кватэры.

Неўзабаве жанчыну затрымалі, яе абвінавацілі ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацярпелага. Пры гэтым віну яна не прызнала: сказала, што 36-гадовы загінулы нібыта сам напароўся на нож.

Высветлілася, што ў жанчыны было ўжо 12 судзімасцяў, яна нідзе не працавала. Суд прызнаў яе вінаватай і прызначыў 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, жанчыну будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула