Трамп памілаваў 1600 удзельнікаў штурму Капітолія
21.01.2025 / 7:36
Дональд Трамп вечарам у панядзелак упершыню прыбыў у Белы дом у якасці 47-га прэзідэнта ЗША і адразу накіраваўся ў Авальны кабінет, дзе падпісаў шматлікія з раней анансаваных ім указаў, паведамляе Бі-бі-сі.
Фота: Saul Loeb/Pool photo via AP
Адзін з першых указаў тычыўся памілавання сотняў удзельнікаў штурму Капітолія 6 студзеня 2021 года, калі прыхільнікі Трампа спрабавалі перашкодзіць зацвярджэнню Джо Байдэна прэзідэнтам і ўчынілі беспарадкі ў Вашынгтоне.
«Спадзяюся, што яны сёння выйдуць на свабоду, яны гэтага чакаюць. Прыкладна 1500 чалавек», — сказаў Трамп.
Амерыканскія журналісты пазней удакладнілі, што Трамп памыліўся, назваўшы гэтую лічбу, — у рэальнасці было памілавана каля 1600 чалавек.
Трамп таксама змякчыў прысуды 14 удзельнікам праварадыкальных груповак Oath Keepers і Proud Boys, якія былі асуджаныя за падбухторванне да мяцяжу і ўдзел у планаванні штурму.
Адвакат аднаго з лідараў Proud Boys Энрыке Тарыё, які адбывае самы працяглы 22-гадовы тэрмін, сказаў CBS News, што яго кліент, як чакаецца, у бліжэйшы час выйдзе на свабоду.
Трамп таксама падпісаў указы аб пачатку працэсу выхаду ЗША са Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, працы сацыяльнай сеткі TikTok, якой ён даў 75-дзённую адтэрміноўку да забароны на тэрыторыі ЗША, увядзенні рэжыму надзвычайнай сітуацыі на паўднёвай мяжы, а таксама анансаваў увядзенне пошлін у дачыненні да Канады і Мексікі.
Перад прыбыццём у Белы дом Трамп зноў выступіў перад сваімі прыхільнікамі ў комплексе Capital One Arena, дзе дэманстратыўна падпісаў каля 10 указаў, у тым ліку аб паўторным выхадзе ЗША з Парыжскага пагаднення па клімаце і адмене 78 указаў і распараджэнняў часоў яго папярэдніка Джо Байдэна.
«Вы можаце сабе ўявіць, каб Байдэн зрабіў гэта? Не думаю», — сказаў Трамп пад крыкі залы.
Чытайце таксама:
Дональд Трамп афіцыйна стаў 47-м прэзідэнтам ЗША
Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў
Найбольш шчаслівым на інаўгурацыі Трампа выглядаў Ілан Маск ВІДЭА