БЕЛ Ł РУС

Суд прыпыніў адзін з указаў Дональда Трампа як неканстытуцыйны

23.01.2025 / 23:34

Nashaniva.com

Федэральны суддзя ў Сіэтле прыпыніў дзеянне ўказа прэзідэнта ЗША, якім абмяжоўваецца канстытуцыйнае права на грамадзянства па праве нараджэння. Гэты ўказ Дональд Трамп падпісаў 20 студзеня, адразу пасля сваёй інаўгурацыі.

Дональд Трамп. Фота: AP

Дональд Трамп у самы першы свой дзень пры ўладзе прапанаваў новую трактоўку канстытуцыйнага палажэння, якое вызначае, што ўсе дзеці, народжаныя на тэрыторыі ЗША, незалежна ад паходжання, аўтаматычна становяцца грамадзянамі ЗША.

У адміністрацыі новага прэзідэнта палічылі, што гэтая норма не павінна адносіцца да дзяцей іншаземцаў, якія знаходзяцца ў ЗША незаконна альбо нават законна, але на часовай аснове.

Як адзначаюць крытыкі Трампа, новая палітыка супярэчыць канстытуцыйнай папраўцы, прынятай у 1868 годзе. На працягу больш за 100 гадоў гэтая папраўка тлумачылася амерыканскімі судамі на карысць усіх дзяцей, якія нарадзіліся ў ЗША.

У выніку праваабарончыя арганізацыі і ўрады некалькіх гарадоў і штатаў, у якіх пераважаюць дэмакраты, падалі ў федэральныя суды некалькі пазоваў. Першы з іх разгледзеў суддзя Джон Кафенур у Сіэтле (штат Вашынгтон).

Пасяджэнне працягвалася не больш за 25 хвілін. У выніку суддзя часова, на 14 дзён прыпыніў дзеянне ўказа, які павінен быў уступіць у сілу з 19 лютага.

«Я працую ўжо больш за 40 гадоў і не магу прыгадаць ніводнага настолькі ж відавочнага выпадку», — заявіў суддзя падчас слуханняў.

Але ў адміністрацыі Трампа будзе магчымасць аспрэчваць гэтае рашэнне ў судах больш высокай інстанцыі.

Чытайце таксама:

Указ Трампа аб спыненні міжнароднай падтрымкі не тычыцца дапамогі Украіне ў сферы бяспекі

Трамп хоча зменшыць сусветныя цэны на нафту, каб скончыць вайну ва Украіне

Трамп абвясціў пра стварэнне мегапраекта па развіцці штучнага інтэлекту. У кампанію ўкладуць паўтрыльёна долараў

Трамп памілаваў чалавека, які адбывае пажыццёвае

Каментары да артыкула