У эміграцыі памёр былы гаспадар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч
27.01.2025 / 16:15
89-гадовы бізнэсмен жыў у польскім Беластоку, дзе хаваўся ад крымінальнага пераследу.
Ларан Арыніч. Фота: Most
26 студзеня 2025 памёр апальны экс-кіраўнік «Пінскдрэва» Ларан Арыніч. Яму было 89 гадоў. Пра смерць бізнэсмена стала вядома «Нашай Ніве» ад яго сяброў. Крыніцы «Маста» пацвярджаюць гэту інфармацыю.
Ларан Арыніч кіраваў прадпрыемствам «Пінскдрэў», калі ў кастрычніку 2010-га на заводзе здарыўся выбух. Тады загінулі 14 чалавек. Праз некалькі месяцаў, у пачатку 2011-га, Арынічу выставілі абвінавачванне ў халатнасці, і ён палічыў за лепшае выехаць за мяжу.
З 2013-га Ларан Арыніч жыў у Беластоку. У сваім апошнім інтэрв’ю паўгода таму бізнэсмен казаў, што спадзяецца вярнуцца ў Беларусь. Ён чакаў канца 2025 года, калі б скончыліся тэрміны даўніны па яго крымінальнай справе.
Ларан Арыніч нарадзіўся ў 1936 годзе ў Архангельскай вобласці Расіі. Працаваў у Плешчанскім леспрамгасе Мінскай вобласці (1954-1955), адслужыў у войску (1955-1958). Скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут імя Кірава (1963). У Гродзенскай мэблевай фабрыцы, прайшоў шлях ад майстра да дырэктара (1963-1983). У 1983-2011 узначальваў «Пінскдрэў». У 1996 узначаліў Нацыянальную асацыяцыю прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Беларусі.
Чытайце таксама:
У Пінску пабывалі Круты і «Марафон адзінства»
Топ-15 беларускіх гарадоў, якія выміраюць хутчэй за ўсё. Лідар вас моцна здзівіць