Пад Гроднам будуюць індустрыяльны парк. Што там будзе?
Каля хуткаснай трасы Гродна — Мінск працягваецца ўзвядзенне вялікага комплексу будынкаў. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю індустрыяльны парк зможа прыняць дзясяткі кампаній.
Праект індустрыяльнага парка ўключае бізнэс-цэнтр і грамадскія будынкі — пад гэта вылучылі 8 тысяч квадратных метраў. Таксама прадугледжана шэсць вытворчых пляцовак агульнай плошчай больш за 50 тысяч «квадратаў» пад розныя задачы інвестараў, піша «Народная газета».
На ўзвядзенне індустрыяльнага парка пойдзе каля 62 мільёнаў рублёў.
— Сёння ў СЭЗ «Гроднаінвест» вядуць справы 80 прадпрыемстваў, на якіх працуе больш за 18 тысяч чалавек. З моманту старту ў якасці рэзідэнтаў прадпрыемствамі прыцягнута 1,8 мільярда долараў інвестыцый у асноўны капітал. Стварэнне і развіццё індустрыяльнага парка дасць магчымасць павысіць інвестыцыйную прывабнасць рэгіёна і прыцягнуць сродкі ў новыя сектары эканомікі, — кажа намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Гроднаінвест» Аляксандр Пугач.
Машынабудаванне, хімія, фармацэўтыка, біятэхналогіі, вытворчасць медыцынскіх вырабаў, інавацыйных матэрыялаў — на гэта хочуць зрабіць стаўку ў індустрыяльным парку.