У Мікашэвічах хлопец прайграў у відэагульні і пачаў выкідваць з акна трэцяга паверха ўсё запар
Малады чалавек вырашыў арыгінальна выплюхнуць злосць праз няўдачу ў камп'ютарнай гульні — і атрымаў крымінальную справу.
У Мікашэвічах невядомы выкідаў з акна трэцяга паверха шматпавярховіка рэчы і бытавую тэхніку. Прахожыя выклікалі міліцыю.
Аказалася, рэчы з акна выкідаў 28-гадовы мужчына. Ён спрабаваў уцячы ад сілавікоў, але яго ўсё роўна злавілі. Як высветлілі міліцыянеры, хлопца ўжо неаднаразова судзілі за такую нястрыманасць, паведамілі ў міліцыі Брэсцкай вобласці.
Сам малады чалавек патлумачыў, што пацярпеў паразу ў камп'ютарнай гульні і вырашыў выплюхнуць сваю злосць. Ён выкінуў з акна друшляк, прас, тазікі і накрыўкі, сістэмны блок ад камп'ютара і манітор, а таксама абагравальнік.
Выкінутыя рэчы пашкодзілі аўтамабіль, які стаяў пад акном. Агульная сума шкоды склала 700 рублёў.
На хлопца завялі крымінальную справу па артыкуле аб паўторным хуліганстве. Яму пагражае да шасці гадоў калоніі.