У Германіі арыштавалі жанчыну, якая 15 гадоў спынялася ў гатэлях і не аплачвала пражыванне
Супрацоўнікі аднаго з гатэляў у Шверыне звярнуліся ў паліцыю: жанчына з Дзюсельдорфа засялілася ў іх на некалькі дзён, падчас рэгістрацыі паводзіла сябе падазрона, сцвярджаючы, што страціла крэдытную картку, піша Bild.
Шверын. Фота: Wikimedia Commons
Супрацоўнікі гатэля западозрылі нешта нядобрае — і не памыліліся.
— Паводле папярэдніх даных следства, падчас рэгістрацыі жанчына стварала ўражанне плацежаздольнай асобы, а затым збіралася пакінуць гатэль, не аплаціўшы рахунак прыкладна на 500 еўра, — паведаміла прадстаўніца паліцыі.
Паліцыя затрымала падазраваную проста ў гатэлі. У той жа дзень, па запыце пракуратуры Шверына, акружны суд выдаў ордар на яе арышт і пастанавіў змясціць пад варту.
У ходзе расследавання высветлілася, што жанчына займалася гэтым ужо 15 гадоў. Зноў і зноў яна засялялася ў гатэлі, заставалася там на некалькі начэй, а затым знікала, не заплаціўшы.
— Нам вядома больш за 100 падобных выпадкаў, — заявіла прадстаўніца паліцыі.