У Беларусі збіраюцца ўвесці новы электронны дзённік
Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, член Савета Рэспублікі Марына Ільіна распавяла пра развіццё лічбавізацыі ў школах. Гаворка ў першую чаргу ідзе пра электронныя дзённікі і журналы, пішуць «Мінск-Навіны».
Фота: AP
Паводле заканадаўства, у Беларусі дзейнічаюць папяровыя школьныя дакументы. Іх нельга адмяняць, нават нягледзячы на тое, што ў 90% навучальных устаноў Мінска ўжо ўкаранёны электронны дзённік.
Варта адзначыць, што цяперашняя сістэма электроннага дзённіка з’яўляецца прыватнай ініцыятывай — яе распрацавала і прапануе паслугу прыватная фірма.
«Мы разумеем, што ў любы момант можа адбыцца што заўгодна. Важная дзяржаўная абарона», — адзначыла Ільіна.
Яна паведаміла, што цяпер у Беларусі ствараецца Рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная сістэма (РІАС). У межах яе будзе распрацаваны дзяржаўны электронны дзённік і журнал. Мяркуецца, што новая сістэма з’явіцца ў 2025 годзе.