Сёння стартуе чэмпіянат Беларусі па футболе
13.03.2025 / 9:38
Гэта ўжо 35-ы чэмпіянат краіны з 1992 года.
Фота: НАК Беларусі
Сёння стартуе чэмпіянат Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Сёння пройдзе гульня «Мінск» — «Нафтан» (пачатак а 19-й).
14 сакавіка на стадыёне ФК «Мінск» адбудзецца яшчэ адна гульня: «Іслач» прыме мазырскую «Славію».
У суботу і нядзелю пройдуць па тры гульні, у тым ліку чэмпіён краіны мінскае «Дынама» ў нядзелю згуляе са «Смаргонню».
Найбольш тытулаў за 34 гады ў барысаўскага БАТЭ — некалі слаўны клуб быў чэмпіёнам 15 разоў, прычым 13 разоў запар, у мінскага «Дынама» — 9 тытулаў, у салігорскага «Шахцёра» — тры, але мінулай восенню клуб пакінуў вышэйшую лігу і не падаў заяўку на першую лігу.
У вышэйшай лізе 16 камандаў традыцыйна згуляюць у два колы (усяго 30 тураў), завершыцца першынство ў канцы лістапада.
Пакінуць вышэйшую лігу клубы, што зоймуць 15-е і 16-е месцы, а клуб, які фінішуе 14-м, будзе гуляць у пераходных паядынках.