БЕЛ Ł РУС

Беларуска стварыла інстаграм-рэаліці. Паспяхова ідзе ўжо пяты сезон

17.03.2025 / 8:0

Ганна Стафановіч

Здымаюць шоу на тэлефоны, ніякага мантажу няма, а пабачыць новыя серыі можна ў сторыс інстаграма. Такі незвычайны фармат рэаліці запусціла беларуская блогерка Маша Сас, якая мае 434 тысячы падпісчыкаў. Што ж там паказваюць?

Тут і далей скрыншоты інстаграма Машы Сас

Маша Сас спецыялізуецца на тым, што дапамагае людзям пахудзець. Але ў 2023 годзе блогерка ўпершыню вырашыла запусціць рэаліці-шоу ў незвычайным фармаце, адаптаваным пад інстаграм.

З таго моманту паспяхова прайшло ўжо чатыры сезону праекта «Weekend на 1000». І цяпер інста-рэаліці ідзе ў пяты раз.

У чым жа сутнасць? Дванаццаць удзельніц заязджаюць у адзін з дамоў у сядзібе «Дынараўка», якая знаходзіцца пад Мінскам. Жанчын дзеляць на дзве каманды. Каля тыдня яны выконваюць розныя заданні. Каманда, якая прайграла, вымушана праз галасаванне вырашыць, хто з яе ўдзельніц пакіне праект. Калі галасы дзеляцца пароўну, то гледачы вырашаюць, каго пакінуць — ім прапаноўваюць галасаваць у сторыс, каб выратаваць любімую ўдзельніцу.

Пры гэтым асаблівая ўвага надаецца здароваму харчаванню (гатуюць жанчынам стравы з рацыёну Машы Сас) і фізічнай актыўнасці. Напрыканцы праекта ўдзельніцы становяцца на вагі і падлічваюць, колькі скінулі.

Эмоцыі на «Weekend на 1000» зашкальваюць. Падчас галасавання, калі трэба апусціць у скрыню здымак дзяўчыны, супраць якой ты аддаеш голас, шмат хто плача.

— Чаго ты плачаш? — пытаецца голас за кадрам у дзяўчыны ў фіялетавай майцы.

— Адчуваю сябе жудасна, я стараюся думаць наперад, думаць пра будучыя іспыты. Таму я галасую за Іру. Іра, прабач мне, калі ласка.

У выніку супраць Іры галасуюць тры чалавекі, і яна вымушана тэрмінова шукаць маршрутку да роднай Ліды. У гэты час некалькі жанчын рыдаюць, абняўшы яе.

Стваральніца інста-рэаліці расказвала, што анкеты для ўдзелу ў яе праекце дасылалі дзяўчаты з Польшчы і Расі: «Цікавыя дзяўчаты, але мы не ўзялі іх па адной простай прычыне. Мне будзе вельмі дрэнна на душы, калі іх выганяць першымі, а ім потым дадому доўга дабірацца будзе».

Выпрабаванні для жанчын падрыхтаваны самыя розныя — напрыклад, гульня ў стылі «Форт Баярд» ці забег у гіганцкіх ботах, у якіх трэба бегчы ўчатырох.

А вечарамі для ўдзельніц праводзяць майстар-класы — ад роспісу кашпо да пляцення кос з канекалона (штучных пасмаў). Маша кажа, што гэта дапамагае канкурсанткам расслабіцца пасля эмацыянальна цяжкага дня.

Тэлефоны ўдзельніцам выдаюць толькі на кароткі прамежак часу.

Блогерка таксама ладзіць жывыя эфіры ў інстаграме і тыктоку, каб гледачы маглі задаць пытанні ўдзельніцам інста-рэаліці. А фанаткі потым пішуць жанчынам і прыватныя паведамленні, як заўзеюць за іх і як плачуць, калі ў любімай каманды нешта не атрымліваецца.

Для фіналу Маша выдумляе нешта незвычайнае. Напрыклад, у мінулым сезоне фіналісткам трэба было ўгаварыць выпадковага мужчыну на спатканне. Хаця фактычна — упрошваць незнаёмца сесці разам на вуліцы за раскладны столік і выпіць сок з прыгожых фужэраў. «Паляванне» праводзілі побач з гандлёвым цэнтрам «Дана Мол».

Пераможцу інста-рэаліці таксама выбіраюць гледачы шляхам галасавання ў сторыс. Галоўны прыз — 1000 рублёў.

Калі вы захочаце спытаць, ці сапраўды нехта глядзіць шоу ў сторыс інстаграма, дык ведайце: у 4 сезоне праекта ў фінальным галасаванні прыняло ўдзел каля 50 тысяч чалавек. Здаецца, супрацоўнікі БТ могуць кусаць локці ад зайздрасці.

Чытайце таксама:

Беларуская доктарка расказала цікавы сакрэт, як хутка пазбавіцца ад сіняка

Мінскай блогерцы не хапае на першы ўзнос за машыну. Яна прадае любімыя стрынгі за тысячу еўра

Беларуская блогерка паказала, які жах можа адбывацца з вуснамі, калі хочаш іх павялічыць — а потым паменшыць

Каментары да артыкула