БЕЛ Ł РУС

Новая прапанова ад літоўскіх кансерватараў можа выгнаць з Літвы беларускіх айцішнікаў

17.03.2025 / 18:32

Nashaniva.com

Трое дэпутатаў літоўскага Сейма ад партыі кансерватараў прапаноўваюць ануляваць ДНЖ грамадзянам Беларусі і Расіі, якія часта бываюць на радзіме.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Літоўскія парламентарыі прапануюць унесці змены ў закон аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі, які быў прыняты ў сувязі з вайной Расіі супраць Украіны. Аўтары ініцыятывы — кансерватары Лаўрынас Кашчунас, Аўдронюс Ажубаліс і Валдас Ракуціс.

Парламентарыі зарэгістравалі прапанову, дзе сярод іншага ідзе размова пра ануляванне ўжо выдадзеных ДНЖ, калі грамадзяне Беларусі і Расіі на працягу трох каляндарных месяцаў больш за адзін раз ездзілі на радзіму. 

Літоўскія СМІ паведамляюць, што, па словах аўтараў ініцыятывы, колькасць беларусаў, якія атрымалі ДНЖ у Літве, рэзка ўзрасла за апошнія гады і цяпер складае каля 62 тысяч чалавек.

Фота: скрыншот з сайта lrt.lt

Аднак, лічбы, на якія спасылаюцца ініцыятары ўзмацнення абмежаванняў для беларусаў, неактуальныя.

Сапраўды, пасля пратэстаў 2020 года і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў Літве істотна вырасла колькасць беларусаў. На піку літоўскі дазвол на жыхарства (любых тыпаў) мелі 62 844 грамадзяніны Беларусі — так было па стане на 1 красавіка 2024 года. Але пазней колькасць беларусаў з дзейнымі ДНЖ у Літве пачала скарачацца.

Пікавая колькасць беларусаў была зафіксаваная 1 красавіка 2024 года. Фота: скрыншот з сайта lrv.lt

Ужо па стане на 1 студзеня 2025 года такіх засталося 57 511 чалавек. А згодна з апошнімі афіцыйнымі звесткамі (на 1 сакавіка 2025-га) — 54 181 чалавек.

Звесткі за 1 сакавіка 2025 года. Фота: скрыншот з сайта lrv.lt

Такім чынам, за апошнія 11 месяцаў колькасць грамадзян Беларусі з літоўскім ДНЖ скарацілася на 8 633 чалавекі, або амаль на 14%. 

Ініцыятары новых абмежаванняў лічаць, што прыпыненне прыёму заявак на ДНЖ ад беларусаў і анулявання ўжо выдадзеных дакументаў неабходныя для абароны нацыянальнай бяспекі Літвы. 

Выключэнні прапануюць зрабіць для кіроўцаў грузавікоў, якія працуюць у кампаніях міжнародных перавозак, асоб, якія ажыццяўляюць транзітныя паездкі праз гэтыя краіны і якія вандруюць па аб'ектыўных прычынах, якія ад іх не залежаць.

Паводле мінулагодніх звестак, 24 400 беларусаў працавалі ў Літве ў якасці кіроўцаў-міжнароднікаў. 

Прапанаваныя меры не закрануць людзей, якія знайшлі ў Літве прытулак ад рэпрэсій. Людзі, якія маюць гуманітарныя дазволы на жыхарства, і так у Беларусь не ездзяць. 

Такім чынам, пад ударам могуць апынуцца найперш беларускія айцішнікі, якія жывуць у Літве па blue card і могуць сабе дазволіць ездзіць у Беларусь. 

Пры гэтым у тым ліку праз міграцыйную палітыку Літвы колькасць высокакваліфікаваных супрацоўнікаў з Беларусі там паменшала. Летась штат беларускіх ІТ-кампаній у Літве скараціўся на 10%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула