Белы дом аб патрабаванні вярнуць статую Свабоды: Толькі дзякуючы ЗША французы цяпер не размаўляюць па-нямецку
18.03.2025 / 13:0
Прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Лівіт адказала еўрадэпутату, які заклікаў ЗША вярнуць статую Свабоды Францыі.
Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лівіт. Фота: Tom Williams/CQ-Roll Call, Inc via Getty Images
Кэролайн Лівіт заявіла, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не збіраецца вяртаць статую Свабоды. Пры гэтым прэс-сакратарка Белага дома зрабіла адсылку да Другой сусветнай вайны.
«Я б параіла гэтаму неназванаму французскаму палітыку нізкага ўзроўню нагадаць яму, што толькі дзякуючы Злучаным Штатам Амерыкі французы цяпер не размаўляюць па-нямецку», — сказала Лівіт на брыфінгу.
Відавочна, прэс-сакратарка Трампа мела на ўвазе высадку саюзнікаў у Нармандыі ў 1944 годзе і вызваленне Францыі ад нацыстаў. Пасля ўспаміну Другой сусветнай вайны сярод рэпарцёраў прагучалі гучныя ўздыхі, піша The New York Post.
Вярнуць статую Свабоды ў Францыю прызваў еўрадэпутат Рафаэль Глюксман. Ён заявіў, што ЗША «вырашылі стаць на бок тыранаў», зблізіўшыся з Расіяй.
У сувязі з гэтым еўрадэпутат заклікаў ЗША вярнуць статую Свабоды. «Мы падарылі яе вам, але, здаецца, вы ёю пагарджаеце», — сказаў ён, звяртаючыся да амерыканцаў.
Статуя Свабоды была створана ў Францыі пад кіраўніцтвам скульптара Агюста Бартальдзі. Яна стала падарункам ЗША ад Францыі ў гонар стогадовага юбілею Вайны за незалежнасць ЗША, у якой французы падтрымалі амерыканцаў.