Здымак беларускі Ксеніі Галубовіч стаў адным з пераможцаў міжнароднага конкурсу Female in Focus за 2025 год
Фота зробленае ў Харкаве, за 20 км ад лініі фронту — у прытулку для смяротна хворых і людзей сталага веку, перамешчаных з небяспечнай ці акупаванай Расіяй тэрыторыі.
Ала, якая жыве ў прытулку і якая на гэтым здымку, ужо з цяжкасцю арыентуецца ў рэальнасці, але яна любіць расказваць пра сваю сям’ю, гаворацца ў апісанні фатаграфіі на сайце конкурсу.
Конкурс, які праводзіцца часопісам British Journal of Photography у партнёрстве з кампаніяй Nikon, мае на мэце пашырыць галасы жанчын-фатографаў па ўсім свеце. Сёлета пераможцамі сталі два праекты і 21 асобнае фота. Адно з фота — беларускай фатографкі Ксеніі Галубовіч.
Ксенія Галубовіч расказала Радыё Свабода пра гісторыю здымка:
«Сябар падказаў мне гэта месца, калі даведаўся, што я еду ў Харкаў. Гісторыі пра людзей, якія страцілі дом праз акупацыю, вельмі блізкія мне. Я пагаварыла, з кім атрымалася, і збіралася сыходзіць. Гэта фота было апошнім. Я выпадкова павярнулася і ўбачыла гэты кадр. І мяне гэта зачаравала».
Гледачы таксама могуць прагаласаваць за гэты здымак у катэгорыі «Выбар людзей» на сайце конкурсу.
Ксенія Галубовіч — дакументальная фатографка і кінэматаграфістка, летась запусціла на YouTube аўтарскі праект Columbus Post.