БЕЛ Ł РУС

Запалоханыя і бяспраўныя

7.10.2010 / 9:34

Супрацоўнікі філіяла №8 Гомельскай гарадской паліклінікі арганізавана падпісаліся за Лукашэнку проста на працоўным месцы.

Супрацоўнікі філіяла № 8 Гомельскай гарадской паліклінікі 6 кастрычніка арганізавана падпісаліся ў падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты прама на працоўным месцы.

Як паведамілі супрацоўнікі паліклінікі на ўмовах ананімнасці, адміністрацыя ўстановы прапанавала ім прыйсці сёння на працу з пашпартамі, каб падпісацца за Лукашэнку. Паводле слоў медработнікаў, у 12.00 у паліклініцы прайшоў сход, удзельнікі якога паставілі подпісы за кандыдатуру дзейнага прэзідэнта.

Загадчык філіяла № 8 Сяргей Ермаковіч у інтэрв’ю абверг інфармацыю аб тым, што медперсанал прымусілі падпісацца за прэзідэнта.

«Нікому мы не загадвалі! Проста ў панядзелак мы аб’явілі аб тым, што сёння будзе такая магчымасць, прыйдзе чалавек з ініцыятыўнай групы і можна будзе падпісацца, для таго каб паскорыць гэты працэс. Хочаце — падпісвайцеся, не хочаце — не трэба», — патлумачыў Ермаковіч.

Паводле слоў загадчыка, на сходзе ён не прысутнічаў, паколькі быў на пасяджэнні медыцынскага савета, і не ведае, хто збіраў подпісы ў медперсаналу. «Павінна была прыйсці супрацоўніца дзіцячай паліклінікі — яна ўваходзіць у ініцыятыўную групу Лукашэнкі, але яна таксама была на медыцынскай радзе, так што хто збіраў подпісы — не ведаю», — дадаў загадчык.

Апытаныя медыцынскія работнікі пацвердзілі, што сапраўды ў 12.00 у паліклініцы збіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку.

Намеснік старшыні абласной выбарчай камісіі Аляксандр Усаў заявіў, што паліклініка не ўваходзіць у пералік месцаў, забароненых для збору подпісаў.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік дадаў, што подпісы нельга збіраць у працоўны час, а ў абедзенны перапынак, а таксама да ці пасля працы гэта рабіць не забаронена.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула