БЕЛ Ł РУС

На Заходнім Палессі збор подпісаў «як ніколі ліберальны»

7.10.2010 / 9:49

У Брэсцкай вобласці сабрана 1.100 подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам на пасаду прэзідэнта ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Як паведаміў кіраўнік абласнога выбарчага штаба Кастусёва, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі, штодзённа ў зборы подпісаў задзейнічана 50 чалавек у Брэсце і 40 — у іншых рэгіёнах вобласці.

«Асноўныя намаганні мы засяродзілі на зборы подпісаў па месцы жыхарства выбаршчыкаў, лічачы, што гэта больш эфектыўна. І збяром у рэгіёне, як намячаем, 10 тысяч подпісаў за вылучэнне нашага прадстаўніка кандыдатам на пасаду прэзідэнта, — дапоўніў Шыманскі. — Пакуль нам дастаткова аднаго штодзённага пікета ў Брэсце з пяці да сямі гадзін вечара на праспекце Машэрава каля гандлёвага цэнтра «Бергхаўс», яшчэ аднаго — у Баранавічах на цэнтральным рынку. Бліжэй да завяршэння гэтай часткі выбарчай кампаніі, магчыма, павялічым колькасць пікетаў, але больш як інфармацыйнага яе складніка».

Паводле слоў старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ, 5 кастрычніка ў пікеце ў Брэсце ўзяў удзел Рыгор Кастусёў.

«Людзі не толькі ахвотна падпісваліся ў яго падтрымку, але і бралі аўтографы, — падкрэсліў Шыманскі. — У гэты ж дзень у першай палове дня Кастусёў быў у Баранавічах, сёння раніцай — у Пінску».

Ацэньваючы гэты этап выбарчай кампаніі ў рэгіёне, ён заўважыў, што збор подпісаў праходзіць «як ніколі, спакойна і ліберальна».

«Але гэта не так важна. Галоўнае, хто будзе лічыць галасы. І як паказала фарміраванне тэрытарыяльных выбаркамаў, ніякіх змяненняў да лепшага няма, — заявіў актывіст. — Усяго ў вобласці толькі два нашы прадстаўнікі вылучаліся ў іх. Абодва ў Бярозе шляхам збору подпісаў ад грамадзян у раённую тэрытарыяльную выбарчую камісію. І ніводнага з іх не ўключылі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула