За Кастусёва сабрана больш за 27 тысяч подпісаў
За прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва сабрана больш за 27 тысяч подпісаў. Аб гэтым заявіў патэнцыяльны кандыдат у прэзідэнты 7 кастрычніка ў Мінску на сходзе мінскай кааліцыі дэмакратычных сіл.
Кастусёў выказаў упэўненасць, што ініцыятыўная група збярэ больш за 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. «Збор подпісаў ідзе па графіку, работа ініцыятыўнай групы праходзіць паспяхова», — сказаў ён.
Разам з тым штаб Кастусёва прапрацоўвае і варыянт дзеянняў на выпадак, калі ён не будзе зарэгістраваны кандыдатам. «Мы разумеем, што не ўсё залежыць ад нас, нават калі мы збярэм 200–300 тысяч подпісаў», — падкрэсліў ён.
У выпадку нерэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Кастусёў мае намер «дапамагаць іншым дэмакратычным кандыдатам, для якіх незалежнасць, беларускасць, пабудова дэмакратычнага грамадства не з’яўляюцца пустым гукам». Палітык таксама адзначыў, што пасля збору подпісаў стане зразумела, хто з прэтэндэнтаў «прадстаўляе Расію».
«Мы будзем імкнуцца да таго, каб нацыянальныя дэмакратычныя сілы не выкарыстоўваліся на карысць такога кандыдата», — падкрэсліў ён.
Збор подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў кандыдатамі ў прэзідэнты праходзіць з 30 верасня па 29 кастрычніка.