БЕЛ Ł РУС

Прарэктар універсітэта транспарту збірала подпісы за Лукашэнку?

8.10.2010 / 10:14

Гамяльчанка Ларыса Шчыракова, член ініцыятыўнай групы ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Андрэя Саннікава, 7 кастрычніка накіравала заяву старшыні ЦВК з просьбай правесці праверку па факце збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку прарэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (БелДУТ) у ВНУ.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагаў Шчыраковай рыхтаваць заяву ў Цэнтрвыбаркам.

У звароце гамяльчанка адзначае, што 4 і 5 кастрычніка ў галоўным корпусе БелДУТ ажыццяўляўся збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.

«Подпісы сярод студэнтаў асабіста збірала прарэктар па выхаваўчай працы Галіна Чаянкова — кіраўнік ініцыятыўнай групы па Чыгуначным раёне Гомеля»,
 — звяртае ўвагу заяўнік.

Яна лічыць гэты факт збору подпісаў выбаршчыкаў з прыцягненнем прарэктарам ВНУ, якая да таго ж з’яўляецца раённым кіраўніком ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў, грубым парушэннем патрабаванняў Выбарчага кодэкса, а менавіта артыкула 61, згодна з якім удзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў не дапускаецца.

«Парушэнне гэтага патрабавання можа пацягнуць адмову ў рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты. Прашу па названым факце правесці праверку, па выніках якой вынесці ў адрас ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння патрабаванняў выбарчага заканадаўства», — піша Шчыракова.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула