У Маскве ДАІшнікі застрэлілі кіроўцу джыпа, які тараніў машыны
Супрацоўнік міліцыі застрэліў на поўдні Масквы парушальніка, які пратараніў на сваім аўтамабілі некалькі машын, пасля чаго, адмаўляючыся падпарадкавацца патрабаванням супрацоўніка праваахоўных органаў, спрабаваў уцячы. Праваахоўныя органы называюць расстрэл вінаватага ў аварыі вымушанай мерай: той нібыта хапаўся за аўтамат.
Кіроўца джыпа пратараніў некалькі машын і паспрабаваў уцячы. Пачаўся пераслед. Міліцыянт запатрабаваў ад парушальніка спыніцца, аднак той толькі дадаў хуткасці.
Падчас пагоні кіроўца перасек дзве суцэльныя лініі разметкі і праехаў на чырвонае святло.
Да пераследу далучыліся яшчэ некалькі міліцэйскіх аўто. Калі кіроўцу іншамаркі атрымалася заблакаваць, сяржант міліцыі выцягнуў кіроўцу, які замкнуўся ў салоне, з машыны.
Падчас затрымання кіроўца нібыта схапіўся за яго аўтамат. Міліцыянту «давялося» адкрыць агонь, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Маскоўскага ГУУС Віктар Бірукоў. Кіроўца загінуў.
Паводле папярэдніх дадзеных, мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.