БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік Мінюста: Абскарджанне санкцый ЕС — дастаткова цяжкі працэс

30.06.2011 / 16:49

Абскарджанне санкцый ЕС — дастаткова цяжкі працэс, бо невядома, у якую міжнародную структуру трэба звяртацца. Пра гэта заявіў журналістам 30 чэрвеня міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў.

Пры гэтым ён падкрэсліў: «Мы знойдзем, куды скардзіцца».

Галаванаў лічыць увядзенне санкцый з боку ЕС «беспрэцэдэнтным крокам», таму што гэта не адпавядае міжнароднаму праву.

Кіраўнік Мінюста таксама паведаміў, што адпаведных даручэнняў па абскарджанні санкцый ЕС у Мінюст не паступала. Але, зазначыў ён, калі такое даручэнне паступіць, міністэрства падрыхтуе адпаведныя дакументы.

***

Рашэнне аб пашырэнні санкцый да Беларусі ЕС прыняў 20 чэрвеня. У спісе кампаній, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ЕС, — ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» і ПУП «БТ Тэлекамунікацыі». Усе яны падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву. Гэты бізнесмен таксама фігуруе ў чорным спісе ЕС як «асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй».

23 чэрвеня падчас наведвання Брэсцкай вобласці Аляксандр Лукашэнка назваў эканамічныя санкцыі Еўрасаюза «дробнымі блышынымі ўкусамі».

«Але калі нас будуць тузаць з пункту гледжання эканомікі, мы таксама знойдзем чым адказаць. У нас нямала кампаній працуюць тут і ўласнасць маюць, па якіх мы вельмі балюча можам ударыць», — заявіў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула