Хілары Клінтан: прэзідэнт Сірыі Асад страціў сваю легітымнасць
ЗША не разглядаюць яго больш у якасці лідэра краіны.
Дзяржсакратарка ЗША Хілары Клінтан заявіла, што прэзідэнт Сірыі Башар Асад страціў сваю легітымнасць, ЗША не разглядаюць яго больш у якасці лідэра краіны.
«Калі хтосьці, уключаючы самога прэзідэнта Асада, думае, што ў ЗША ўпотай спадзяюцца, што сірыйскаму рэжыму ўдасца выстаяць, каб працягнуць свае рэпрэсіі ў будучыні, то ён глыбока памыляецца», -- сказала Клінтан.
Яе словы прыводзіць агенцтва Reuters.
У панядзелак пратэстоўцы ў Дамаску ўварваліся ў амбасаду ЗША, разбілі шыбы і размалявалі будынак антыамерыканскімі графіці, дзе гаворыцца, што амбасадар ЗША -- «сабака».
Акрамя таго, была здзейсненая спроба нападу на будынак пасольства Францыі.
На мінулым тыдні пасол ЗША Сірыі пабываў у горадзе Хама. Сірыйскія ўлады абвінавацілі яго ў падбухторванні пратэстаў, аднак улады ЗША абверглі гэтыя заявы. У паведамленні гаварылася, што дэманстранты сустрэлі амбасадара ЗША прыязна, клалі на яго аўтамабіль кветкі і галінкі алівы, але дыпламат пакінуў горад да пачатку пратэстаў.