БЕЛ Ł РУС

Смерць Сальвадора Альендэ прызналі самагубствам

20.07.2011 / 12:9

Былы прэзідэнт Чылі Сальвадор Альендэ скончыў жыццё самагубствам, а не быў забіты. Да такой высновы прыйшла група спецыялістаў, якая праводзіла экспертызу парэшткаў Альендэ, эксгумаваных 23 мая 2011.

Вынікі экспертызы, мэтай якой была праверка афіцыйнай версіі пра самагубства Альендэ, былі перададзеныя чылійскім уладам 19 ліпеня.

Паводле афіцыйнай версіі, якой прытрымліваецца і сям'я былога прэзідэнта, Альендэ забіў сябе падчас ваеннага перавароту ў Чылі ў 1973 годзе. Калі прыхільнікі генерала Аўгуста Піначэта штурмавалі прэзідэнцкі палац, ён стрэліў сабе ў галаву з аўтамата Калашнікава.

Аднак версію пра самагубства Альендэ ставілі пад сумнеў. Прыхільнікі Піначэта, які прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту, не сталі праводзіць судмедэкспертызу парэшткаў Альендэ і не давалі сям'і загінулага прэзідэнта ўбачыць яго цела. Пры гэтым паведамлялася, што на целе Альендэ былі выяўленыя шматлікія кулявыя раненні. У пачатку 2011 года ўлады Чылі ў межах расследавання злачынстваў, учыненых у гады кіравання Піначэта, прынялі рашэнне аб эксгумацыі парэшткаў Альендэ.

Вынікі экспертызы, паведаміў BBC News адзін з удзельнікаў даследавання, не пакідаюць сумневаў у тым, што былы прэзідэнт забіў сябе. У чэрапе Альендэ выяўленая адна адтуліна, пакінутая дзвюма кулямі, расказаў эксперт. Такія пашкоджанні характэрныя для аўтаматычнай зброі, да якой належыць АК-47. Няма ніякіх сведчанняў таго, што смерць Альендэ не з'яўляецца самагубствам, заявіў ён.

Сальвадор Альендэ ў 1970 годзе стаў першым прадстаўніком "левых", які заняў пасаду прэзідэнта Чылі. Знаходзячыся ва ўладзе, Альендэ правёў шэраг эканамічных рэформаў, уключаючы нацыяналізацыю горназдабыўной галіны, якія выклікалі супярэчлівую рэакцыю як унутры краіны, так і за мяжой. У верасні 1973 года ў Чылі адбыўся ваенны пераварот, у выніку якога да ўлады прыйшоў Піначэт, а Альендэ загінуў. Піначэт кіраваў у Чылі да 1990 года. Падчас дыктатуры Піначэта ў Чылі загінулі або прапалі без вестак больш за тры тысячы чалавек.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула