Мядзведзеў прадказаў прэзідэнту Сірыі «сумную долю»
Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў лічыць, што кіраўніцтва Сірыі «чакае сумная доля», калі яно не пойдзе на дыялог з апазіцыяй і на рэформы.
«Падчас нашых асабістых зносінаў і ў лістах, якія я прэзідэнту Сірыі накіроўваў, я праводжу адну ідэю: трэба тэрмінова праводзіць рэформы, мірыцца з апазіцыяй, аднаўляць грамадзянскі мір і ствараць сучасную дзяржаву», — заявіў Мядзведзеў у інтэрв’ю Першаму інфармацыйнаму каўказскаму каналу, тэлекампаніі Russia Today і радыёстанцыі «Эхо Москвы».
«Калі ён не зможа гэтага зрабіць, яго чакае сумная доля, і ў канчатковым выніку нам давядзецца прымаць нейкія рашэнні», — дадаў Мядзведзеў. Да гэтага часу Расія была катэгарычна супраць любых санкцый у дачыненні да сірыйскага рэжыму.
Напярэдадні сірыйскія ўлады жорсткай крытыцы падвергнуў прадстаўнік Мядзведзева Міхаіл Маргелаў, фактычна абвінаваціўшы прэзідэнта Башара Асада ў развязванні кровапраліцця.
Прэзідэнт Расіі не стаў наўпрост параўноўваць сітуацыю ў Сірыі, Лівіі з сітуацыяй у Грузіі ў жніўні 2008 года.
«Гэта вельмі індывідуальныя рэчы», — лічыць ён.
«У Лівіі ёсць чалавек, які 40 гадоў кіруе краінай, і ён вырашыў ужыць сілу супраць сваёй краіны, — працягнуў Мядзведзеў. — Мы не лічым гэта правільным».
«У Грузіі задача была ў тым, каб склейваць краіну, а Лівія пакуль не распалася», — дадаў ён.
«Сірыя — гэта больш складаная тэма, там сітуацыя развіваецца больш драматычна, — лічыць Мядзведзеў. — Кадафі аддаў вельмі жорсткія ўказанні па знішчэнні апазіцыі, а цяперашні прэзідэнт Сірыі такіх указанняў не аддаваў, але, на жаль, і там гінуць людзі ў вялікай колькасці, і гэта выклікае наша вялікую занепакоенасць».
Пазіцыя Расіі па Сірыі моцна змянілася за апошні час. У канцы мая ў інтэрв’ю Financial Times Мядзведзеў казаў, што яму шкада прэзідэнта Сірыі, які «спазніўся з рэформамі».