БЕЛ Ł РУС

МЗС Літвы не раскрывала банкаўскіх рахункаў «Вясны»

5.08.2011 / 10:57

АГ

Заявіў прэс-сакратар літоўскага замежнапалітычнага ведамства Міндаўгас Лашас.

Міністэрства замежных спраў Літвы не брала ўдзелу ў рассакрэчванні банкаўскіх рахункаў кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага
– пра гэта заявіў прэс-сакратар літоўскага МЗС Міндаўгас Лашас.

Паводле кіраўніка прэс-службы, прыкладна праз гадзіну з нагоды затрымання Бяляцкага знешнепалітычнае ведамства Літвы выступіць з афіцыйным каментаром.

Нагадаем, пра тое, што

Літва выдала рахункі «Вясны» Беларусі заявіў журналіст Мікалай Халезін.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы вечарам 4 жніўня.

На яго кватэры, лецішчы і офісе «Вясны» прайшлі ператрусы. На частку маёмасці, якая знаходзілася ў офісе, быў накладзены арышт. З кватэры Бяляцкага, дзе ператрус прайшоў раней, забралі камп’ютар.

Пасля допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Бяляцкі быў ўзяты пад варту. Як паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка, ён затрыманы на трое сутак у якасці падазраванага па крымінальнай справе, заведзенай па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Бяляцкі будзе знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

«Я думаю, гэта звязана з тым, што мы аказвалі не толькі прававую, але і матэрыяльную падтрымку ахвярам рэпрэсій. Думаю, звязана менавіта з гэтым», — заявіла Таццяна Равяка, каментуючы затрыманне Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі — вядомы ва ўсім свеце праваабаронца — быў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Некалькі год таму Бяляцкага вылучалі на Нобелеўскую прэмію міру. У Беларусі праваабаронцы «Вясны» аказалі дапамогу сотням, калі не тысячам рэпрэсаваных.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула