Алесь Бяляцкі пераследуецца за сваю праваабарончую дзейнасць — Алег Гулак
перакананы лідар грамадскага праваабарончага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Алег Гулак.
Паводле яго слоў, затрыманне Бяляцкага на падставе артыкула аб ухіленні ад выплаты падаткаў з’яўляецца надуманым. «Ён не раз падаваў дэкларацыі аб сваіх даходах.
Ніякіх прэтэнзій па гэтых дэкларацыях не ўзнікала», — адзначыў Гулак.
Нагадаем, Бяляцкі быў затрыманы супрацоўнікамі дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК на трое сутак у якасці падазронага па справе, распачатай паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Праваабарончы цэнтр «Вясна», які ўзначальвае Бяляцкі, дзейнічае з 1998 года. У 1999 годзе ён быў зарэгістраваны як рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне. У кастрычніку 2003 года «Вясну» ліквідавалі рашэннем Вярхоўнага суда. Прычынай ліквідацыі стаў удзел членаў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. У сакавіку 2004 года цэнтр «Вясна» быў прыняты ў склад Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Беларускія праваабаронцы тройчы спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю, але беспаспяхова.