БЕЛ Ł РУС

20-гадовы прадпрымальнік абрабаваў банк

7.09.2011 / 9:57

Выпадак здарыўся ў Кобрыне.

За разбойны напад на аддзяленне банка асуджаны 20-гадовы індывідуальны прадпрымальнік з Кобрына, які раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

Як паведаміў намеснік начальніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Буры, 4 сакавіка кобрынец прыехаў у Пружаны. Прыкладна ў 11 гадзін раніцы ў чорнай шапачцы, сонцаахоўных акулярах, прыкрыўшы твар чорным шалікам, ён зайшоў у памяшканне аддзялення аднаго з банкаў, дзе знаходзілася толькі касір. Хлопец падышоў да жанчыны, і яна сказала яму: «Вы так падобны на рабаўніка». На што малады чалавек адказаў: «А я і ёсць рабаўнік». Пасля гэтага, пагражаючы касіру прадметам, падобным на пісталет, запатрабаваў грошы. Ён завалодаў 13.300 расійскімі рублямі, 3.128 доларамі ЗША, 1.885 еўра, 50 польскімі злотымі і збег. 4 красавіка хлопец быў затрыманы ў Кобрыне.

24 чэрвеня суд Пружанскага раёна прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні разбою ў буйным памеры (ч. 2 арт. 207 КК) і прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Да вынясення прыгавору сваякі маладога чалавека кампенсавалі прычынены матэрыяльны ўрон банку ў поўным аб’ёме.

Як адзначыў Буры, у судзе жыхар Кобрына прызнаў сваю віну часткова. Ён заявіў, што быў вінен свайму знаёмаму 2.100 долараў ЗША, якія яму трэба было аддаць да 4 сакавіка. У бацькоў ён не стаў прасіць грошай і вырашыў выкрасці іх у адным з банкаў у Пружанах, узяўшы з сабой цацачны пісталет. Паводле слоў асуджанага, ён аддаў доўг знаёмаму, астатнія грошы спаліў.

6 верасня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда адхіліла скаргі асуджанага і яго абаронцаў, пакінуўшы вынесены раённым судом прыгавор без змянення, і ён набыў законную моц.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула