БЕЛ Ł РУС

Жыхару Мазыра, аштрафаванаму за запіс УКантакце, не прадоўжылі працоўны кантракт

7.09.2011 / 10:16

Жыхар Мазыра Міхаіл Караткевіч, асуджаны за запіс на старонцы ў сацыяльнай сетцы, 6 верасня атрымаў паведамленне, што з ім не будзе прадоўжаны кантракт. 19 кастрычніка ён стане беспрацоўным.

Малады чалавек працуе вадзіцелем аўтапагрузчыка ў ААТ «Мазырскі машынабудаўнічы завод». Караткевіч лічыць, што яго звальняюць за тое, што ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Суд Мазырскага раёна 16 жніўня прызнаў яго вінаватым на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў штрафам у тры базавыя велічыні (105 тыс. рублёў). Жыхара Мазыра асудзілі за запіс на старонцы ў сацыяльнай сетцы аб правядзенні акцыі маўклівага пратэсту. Згодна з міліцэйскім пратаколам, Караткевіч «у інтэрнэт-сетцы на сайце „УКантакце“ шляхам пераадрасацыі распаўсюдзіў заклік аб неабходнасці збірацца кожную сераду тыдня ў 19.00 на пл. імя Леніна г. Мазыра, тым самым ажыццявіў арганізацыю масавага мерапрыемства, парушаючы ўстаноўлены парадак правядзення масавых мерапрыемстваў».

«На заводзе я працаваў практычна чатыры гады, — паведаміў Караткевіч. — Прэтэнзій да мяне не было, спагнанняў я не атрымліваў. Пад сакрэтам мне сказалі, што звальняюць з-за праблем з судом і ўдзелу ў акцыях. Маўляў, майму начальніку загадалі мяне звольніць і намякнулі, што ў Мазыры я працы не знайду. Пакуль не ведаю, што буду рабіць».

Рашэнне суда аб прыцягненні да адказнасці Караткевіч абскардзіць у абласным судзе. Касацыйнае пасяджэнне пройдзе 16 верасня.

У Гомелі адбылося не менш як тры падобныя адміністрацыйныя працэсы за запісы ў сацыяльных сетках і на іншых сайтах у інтэрнэце. Пётр Філон за запіс у сацыяльнай сетцы з прапановай сябрам сабрацца ў пэўным месцы быў аштрафаваны на падставе арт. 23.34 КоАП. Згодна з гэтым жа артыкулам быў пакараны арыштам на пяць сутак актывіст апазіцыі Андрэй Цянюта. Трое сутак правёў у ІЧУ за запіс у сацыяльнай сетцы і гамяльчанін Дзмітрый Шаўчэнка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула