У Вільні «беларускі» маршрут застаўся без пасажыраў
Аўтобусны маршрут з віленскага аўтавакзала ў гандлёвы цэнтр Akropolis, адкрыты некалькі месяцаў таму адмыслова для беларусаў, становіцца непапулярным.
Не дапамагае ні рэклама, ні надпісы на рускай мове. Маршруту пасажыры ўдзяляюць усё менш увагі. Тут няма і беларусаў, якія раней складалі немалую частку пасажыраў.
«Мы вялі розныя падлікі. Спадзяваліся, што ўступіць у сілу спрошчаны візавы рэжым, уезд стане прасцей. І ў рэкламе арыентаваліся на такіх пасажыраў, зрабілі надпісы на рускай мове. Але ведаеце, як бывае - іскра то з'яўляецца, то знікае», - сказаў генеральны дырэктар TOKS Арунас Індрашус.
Па словах кіраўніка прадпрыемства, якое займаецца аўтаперавозкамі, з моманту запуску маршруту вясной яго папулярнасць расла першыя 2-3 месяцы. Але пазней усе карты зблытаў распачаты сезон адпачынкаў, а таксама эканамічны крызіс у Беларусі, з прычыны якога пакупніцкая здольнасць беларусаў моцна скарацілася.