Атрошчанкаў: Прашэнне аб памілаванні не пісаў
Аляксандр Атрошчанкаў паведаміў, што яму прапаноўвалі напісаць прашэнне. Але ён для сябе вырашыў, што не будзе гэтага рабіць ні пры якіх умовах. Ён разумеў, што ідзе барацьба за палітвязняў, а таму сядзець увесь тэрмін у калоніі не прыйдзецца.
Выхад на волю для яго быў спантанным. У турэмнай лаўцы, куды зайшоў па прадукты, сказалі, што яго ведамасці ўжо няма. Праз сорак хвілін яму сказалі, што сёння вызваляецца. І яшчэ праз дваццаць хвілін ужо пакідаў калонію.
Сёння Аляксандр Атрошчанкаў будзе ў Мінску.
Адмовіліся падпісаць прашэнне аб памілаванні і Алег Федаркевіч, Аляксандр Класкоўскі, Ілья Васілевіч, Аляксандр Малчанаў. Дзмітрый Буланаў у інтэрв'ю Радыё «Свабода» сказаў, што «пра памілаванне я ведаў за некалькі дзён. Я падпісаў прашэнне без прызнання сваёй віны. Я так вырашыў, бо гэта было ў інтарэсах маёй сям'і».